Пра даведку на гуркі
У Беларусі – чарговае новаўвядзенне. Відаць, звязанае з тым, каб ніводны варожы прадукт з Захаду не прасачыўся на мясцовыя рынкі. Цяпер фізічным асобам, якія гандлююць на рынках прадуктамі, трэба мець даведку, што прадукцыя вырашчана ці вырабленая на зямельным участку, які знаходзіцца ў Беларусі. То бок цяпер усім гэтым бабулькам і дзядулькам, цётачкам і дзядзечкам, якія прадаюць на рынках бульбу, мёд ды гуркі, трэба даказаць, што гэта ўсё з беларускага ўчастку. А не з нейкай там дачы каля берагоў Гішпаніі.
Вось вы думалі, адкуль кропчык бабця Маня на рынку прадае? З гароду ў Італіі. А цётка Люба дзе засоленыя гуркі робіць? На падворку ў Нідэрландах. А потым вязуць адтуль палямі і лясамі на беларускія рынкі. Усё, цяпер лавачка закрылася. Цяпер нельга ў Беларусі прадаваць прадукцыю, якая вырасла на гародах у якой-небудзь Францыі. Цяпер спярша дакажыце, што прадукцыя з Баранавіч ці з Петрыкава. Цяпер, каб прадаваць пятрушку з бураком, трэба спярша да мясцовых уладаў звярнуцца, каб яны выдалі даведку, што прадукцыя з беларускай тэрыторыі. Сапраўды, а раптам на рынку стаіць хтосьці і хатнія яйкі прадае ад курыцы, якая нясецца, напрыклад, у Польшчы. Гэта ж ідэалагічны і эканамічны падрыў.
Праўда, беларусам цяпер з Беларусі выехаць вельмі цяжка. Не кажучы ўжо пра тое, каб вазіць кожны дзень з іншых краін на продаж буракі з морквай. Ну, затое мясцовыя бюджэты змогуць атрымаць лішнюю капейчыну: наўрад ці даведка будзе бясплатнай. Ну, а тое, што будзе з фермерамі і дачнікамі-пенсіянерамі, якія троху падзарабляюць продажам гуркоў ці сліваў у сезон, гэта ўлады мала хвалюе.