Акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі ў Беластоку



Беларусы Беластоку ля сценаў Консульства Беларусі па вуліцы Электрычнай правялі акцыю супраць прысуду палітвязням, які быў агучаны апоўдні 14 снежня.

Агулам сабралася каля 40 чалавек. Паліцыя паралельна высвятляе ўласніка аўтамабіля, які быў пакінуты ў забароненым месцы і перакрыў падыход да консульства.

Перад прысутнымі выступіў галоўны рэдактар Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа, які асудзіў прысуд:

– Усе гэтыя суддзі, іхныя сем’і і іншыя апрычнікі не павінны мець магчымасці выезду за межы дыктатарскай краіны.

Удзельнікі акцыі:

– З гэтага прысуду бачна, як улада літаральна баіцца. Па-першае, суд быў закрыты, каб туды ніхто не трапіў. І зразумела, што ніякіх доказаў там не было.

– Занадта шмат сабе Лукашэнка гадоў жыцця адмераў. Можа яшчэ вечна захоча жыць?

– Жудасныя тэрміны далі хлопцам. Улада штосьці хоча зрабіць, але нічога ў яе не атрымоўваецца.

Працуе свабодны мікрафон. Слова ўзяў Сяргей Верамейчык, які добра ведае Міколу Статкевіча. Спадар Сяргей запэўніў, што Статкевіч вытрымае зняволенне, але і задача беларусаў зрабіць усё, каб тэма палітычнай бяды Беларусі і палітзняволеных не знікала з еўрапейскага дыскурсу. Таксама слова ўзяў адзін з блізкіх знаёмых Сяргея Ціханоўскага з заклікам не спыняць барацьбу.

Паводле прысуду па “справе Ціханоўскага” Сяргей Ціханоўскі, Мікола Статкевіч, Ігар Лосік, Дзмітрый Папоў, Арцём Сакаў і Уладзімір Цыгановіч атрымалі тэрміны: 18, 14, 15, 16, 16 і 15 гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму (калоніі) адпаведна. Палітвязняў абвінавацілі ў арганізацыі „масавых беспарадкаў” у Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў у 2020-м годзе.  Генеральная пракуратура выставіла пазоў да абвінавачаных у памеры 3,078 мільёнаў рублёў (1,2 мільёны даляраў). Паказальна, што ўсю „шасцёрку” затрымалі яшчэ да выбараў, а сам суд праходзіў у закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА на працягу амаль шасці месяцаў.

Фігуранты справы фактычна сталі закладнікамі рэжыму Лукашэнкі, а таму падобныя акцыі ў падтрымку палітвязняў па „справе Ціханоўскага” мусяць адбыцца і ў іншых гарадах Еўропы.

Фота: Вольга Сямашка

* * *

Беларуская дыяспара ў Беластоку сёння, 14 снежня, а 18-ай гадзіне запрашае на акцыю супраць прысуду палітычным вязням – палітыку і блогеру Сяргею Ціханоўскаму, журналісту Ігару Лосіку, палітыку Мікалаю Статкевічу, блогеру, аўтару каналу YouTube “MozgON” Уладзіміру Цыгановічу, чальцу ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай – Арцёму Сакаву і мадэратару сацыяльных сетак “Краіна для жыцця” Дзмітрыю Папову.

Сёння фігурантам так званай “справы Ціханоўскага” прысудзілі самыя жорсткія тэрміны ад 14-ці да 18-ці гадоў зняволення. У беларускіх турмах зараз знаходзіцца 920 палітычных вязьняў.  

Кажа адзін з арганізатараў акцыі ў Беластоку Ян Абадоўскі:

– Мы выказваем сваю падтрымку гэтым людзям, якіх сёння асудзілі, а таксама тысячам людзей, якія зараз сядзяць за кратамі ў Беларусі. Мы сёння робім акцыю, каб паказаць грамадзянам Польшчы, што робіцца ў нашай краіне. Каб звярнуць увагу на тое, што фабрыкуюцца крымінальныя справы, і людзей проста саджаюць за краты за тое, што яны хацелі змяніць сваю краіну.

Сёння акцыі супрць палітычных прысудаў ў Беларусі пройдуць таксама ў шэрагу еўрапейскіх гарадоў.

Беларускае Радыё Рацыя