Дар’я Лосік звярнулася да Лукашэнкі
«Як вам жыць далей, абдымаць сваіх дзяцей, блізкіх і любімых людзей, ведаючы, што вы нарабілі сёння? Спадзяюся, што кепска. Як гэта — усведамляць, што зламалі лёсы і жыцці невінаватым людзям? Спадзяюся, што балюча».
Жонка Ігара Лосіка Дар’я запісала відэазварот пасля суда над яе мужам яна звярнулася да Лукашэнкі, сілавікоў і супрацоўнікаў суда.
– Як гэта было перажыць дзве галадоўкі мужа. Даведацца, што ён спрабаваў пакончыць з сабой непасрэдна на вачах вашага так званага следчага. Як гэта, калі цябе памяшчаюць у камеры з псіхічнахворымі людзьмі. І як гэта даведацца, што псіхолаг СІЗА-3 Гомеля падштурхоўвае майго мужа на новую спробу суіцыду. Паспрабуйце патлумачыць мне, навошта мы прайшлі і працягваем праходзіць праз усе гэтыя катаванні. Вы казалі, што не змагаецеся з жанчынамі. Але мой прыклад і прыклад дзясяткаў жанчын-палітвязняў кажа пра адваротнае. Я думаю, тэм для абмеркавання больш чым дастаткова. Выбар месца і час я пакідаю за вамі. Збягаць і хавацца за мяжой я не збіраюся. Дакажыце мне, што вы не баязлівец. Чакаю запрашэння.
Мужа Дарыі Лосік – Ігара па надуманых прычынах пакаралі сёння 15-ці гадамі турмы.
Беларускае Радыё Рацыя