25 сакавіка лідскія актывісты ўшанавалі памяць беларускіх дзеячаў



Лідскія грамадскія актывісты і сябры палітычных партый і грамадскіх арганізацый у Дзень Волі традыцыйна наведалі месцы пахаванняў беларускіх грамадскіх дзеячаў і міністра абароны Беларускай Народнай Рэспублікі – генерала Кіпрыяна Кандратовіча. Па словах старшыні Лідскай гарадской суполкі БНФ Станіслава Судніка, мясцовыя ўлады адмовілі ў правядзенні санкцыянаванага мітынгу.

– Проста ўсклалі кветкі і запалілі знічы. Але, тым не менш, памяць міністра Беларускай Народнай Рэспублікі была такім чынам ушанавана. Традыцыя не была перапынена. Будзем спадзявацца, што так яно будзе і далей. Бо калі ў людзей у 1918 годзе хапіла сілы і волі абвясціць незалежнасць Беларусі, то ў нас хопіць сілы і волі сказаць ім за гэта: “Дзякуй”.

У мінулым годзе за удзел ў мерапрыемствах  да Дня Волі ў Лідзе і Варанове грамадскіх актывістаў пакаралі штрафамі і папярэджаннямі.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда

Фота аўтара