Стогадовы юбілей Сцяпана Александровіча



15 снежня 100 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, літаратуразнаўца, доктара філалагічных навук, прафесара, заслужанага работніка культуры Сцяпана Александровіча (1921-1986).

З 1963 года Сцяпан Александровіч працаваў на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта. Ён чытаў лекцыі па гісторыі беларускай літаратуры. Аднойчы на перапынку паміж лекцыямі, а гэта быў 1984 год, Сцяпан Хусейнавіч выйшаў на калідор і хлопцам-філолагам сказаў: “Эх, хлопцы, калі б наша Беларусь хоць суткі пабыла б незалежнай дзяржавай, мы ж столькі добрага паспелі б зрабіць і адкрыць у гісторыі нашай літаратуры”. Што меў на ўвазе тады Сцяпан Хусейнавіч, можна толькі здагадвацца. Але ў мяне захаваліся запісы з апошніх яго лекцый для студэнтаў. Гэтыя лекцыі былі даволі смелыя на той час. Бо Сцяпан Хусейнавіч адкрыта казаў тое, што ён думаў. Вось некалькі яго думак з лекцый, запісаных вясной 1984 года: “слабым месцам у нашай літаратуры з’яўляецца гістарычная тэматыка”, “я лічу Уладзіміра Караткевіча выдатным белетрыстам, апавядальнікам, але слабым гісторыкам. Караткевіч шмат зрабіў у нашай літаратуры, але каб ён умела пакапаўся ў архівах, то кніга “Каласы пад сярпом тваім” была б класічнай кнігай. Таму вобраз Каліноўскага атрымаўся трэцяга рангу”, “актыўна працаваў на ніве Коласазнаўства Юльян Пшыркоў”, “шмат зрабіў для даследавання творчасці Максіма Багдановіча Алег Лойка”, “Іван Мележ быў чалавекам асцярожным, але, як пісьменнік, вельмі таленавітым”, “Сказ пра Лысую гару” напісаны моцна і на высокім мастацкім узроўні”, “Абэцэдарскі лічыў “Нашу ніву” нацыяналістычнай газетай. Нацыяналістам ён лічыў і Янку Купалу. Але, казаў, што савецкая ўлада яго ад гэтага вызваліла”, “Кучар шмат “дроў наламаў” у нашай гісторыі і літаратуры”, “Янка Брыль сваё слова, як чытач, сказаў наконт рамана “Блакада” Чакоўскага. Ён сказаў, што пісьменнік спекулюе на тэме”, “Дзям’ян Бедны выступаў супраць нашага Янкі Купалы” і г.д.

Аляксей Коршак і Сцяпан Александровіч падчас вучобы ў школе.

Сцяпан Александровіч паходзіў з беларускіх татар. У аўтабіяграфіі «Радзіма мая – Капыль» ён сведчыў: “У Капылі здаўна жыла жменька нашчадкаў мангольскіх плямён. Сядзібы іх туліліся на дзвюх вулачках – Татарскай і Замкавай. Я чатыры гады трымаў у адной руцэ пугу, а ў другой – кнігу. Чытаў многа, чытаў запоем, аддаючы перавагу беларускай кніжцы. Увогуле трэба сказаць, што творы беларускіх пісьменнікаў у Капылі карысталіся вялікім поспехам…”.

Любоў да літаратуры і прывяла Сцяпана Александровіча ў 1939 годзе на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ды павучыцца не давялося – прызвалі ў армію. А потым пачалася вайна. Вось як пра гэта сказана ў аўтабіяграфіі: “Увогуле, жыццёвы тэмп быў незвычайны: у 18 год я быў у арміі, у 20 – на фронце, у 21 – у палоне”. Разам з сябрамі ўцёк з лагера ваеннапалонных у Крывым Рогу, амаль два месяцы дабіраўся на Капыльшчыну. Стаў партызанам. Дарэчы, пра гэта вельмі праўдзіва Сцяпан Александровіч расказаў у сваёй аўтабіяграфічнай аповесці “Далёкія зарніцы”.

Сцяпан Александровіч і Іван Шамякін.

Пасля вайны, скончыўшы завочна філфак БДУ і аспірантуру Сцяпан Александровіч уліваецца ў рады дзеячаў беларускай культуры. 3-пад яго пяра выходзяць кнігі краязнаўча-біяграфічных нарысаў пра Ф.Багушэвіча, Я. Купалу, Я. Коласа, М. Багдановіча, Ц. Гартнага, М. Танка,  К.Чорнага, П. Броўку, М. Лынькова, якія склалі кнігі “Незабыўныя сцежкі” (1959), “Па слядах паэтычнай легенды” (1965). Пазней гэтыя нарысы, эсэ ўвайшлі ў аб’ёмны зборнік “Тут зямля такая…”(1974).

Сцяпан Александровіч выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Наваельненскай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна і ў Наваградку, працаваў у Менскім бібліятэчным тэхнікуме, быў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі, а з 1963 года звязаў свой лёс з Беларускім дзяржаўным універсітэтам.

Сцяпан Александровіч на працягу ўсяго свайго жыцця ў літаратуры і навуцы працаваў на поўную моц падараванага яму лёсам таленту, з рэдкай цягавітасцю і ўпартасцю, якая пры яго вельмі слабым здароўі, катастрафічна падарваным у гітлераўскім палоне, проста здзіўляла.

Навуковыя працы Сцяпана Александровіча заўсёды прываблівалі сваёй багатай канкрэтыкай, шчодрым выкарыстаннем архіўных матэрыялаў і малавядомых фактаў, якія даследчык здабываў у выніку карпатлівых пошукаў. Каб напісаць чарговую кнігу ці толькі артыкул даследчага характару, ён нярэдка гадамі збіраў неабходныя звесткі, перачытваў горы старых выданняў у розных бібліятэках і музейных сховішчах былой савецкай краіны і за яе межамі, падымаў не толькі колішнюю беларускую, але  і рускую, украінскую, польскую перыёдыку, працаваў у архівах Менска і Масквы, Ленінграда і Вільні, Кракава і Прагі.

I ён умеў займальна пісаць як пра свае пошукі, так і пра лёс пісьменнікаў, што станавіліся аб’ектам даследавання.

Кнігі “Старонкі братняй дружбы”, “Гісторыя і сучаснасць”, “Кнігі і людзі”, “Крыжаваныя дарогі”, “Пуцявіны роднага слова”, “Слова – багацце” і іншыя — значныя тым, што аўтар іх выступае адначасова і вучоным-даследчыкам, і пісьменнікам-мастаком, захопленасць якога роднай літаратурай перадалася і нам, чытачам.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя