Аліна Нагорная: У справе абароны любых правоў галоўныя не арганізацыі, а людзі
Як паказвае нашае жыццё, прыватная ініцыятыва людзей – больш эфектыўная, калі справа датычыць мясцовых праблем. У беларусаў, як і сто гадоў таму, палітыка лінгвацыду ўладаў нікуды не знікла. Хоць памяняліся ўлады. Усё спрабуюць нас усунуць у чужы свет. Гэтым разам – расейскі. Але ёсць іншыя магчымасці гэтаму свету супрацьстаяць. Наш карэспандэнт Якуб Сушынскі пагутарыў з Госцем Рацыі Алінай Нагорнай, адной з аўтараў кнігі «404» пра дыскрымінацыю беларусаў паводле роднай мовы.
РР: Вядома, што вы разам са сваім супругам Ігарам Случаком даволі паспяхова спрабуеце дамагчыся таго, што прапісана ў Канстытуцыі. Наколькі запатрабаваная ваша апошняя кніга?
Аліна Нагорная: Кніга запатрабаваная. Увогуле навіна пра кнігу была можа месяц таму, але да гэтага часу людзі пытаюцца як яе атрымаць. І ўжо былі прапановы перакладаць кнігу на замежныя мовы. І зараз мы працуем у гэтым накірунку, каб кніга перакладалася на нямацкую мову, на рускум мову і ў перспектыве на ангельскую мову. Таксама ёсць ідэі, як распаўсюдзіць гэтыя гісторыі такімі сюжэтнымі тэхналагічнымі метадамі, але пакуль не буду раскрываць сакрэтаў. Таму тэма дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце будзе гучаць.
РР: Існавалі арганізацыі, якія спрабавалі гэтым пытаннем заняцца. І, на жаль, вельмі павольна гэта ідзе. Вы робіце, як я разумею, стаўку на метад, у вашых варунках, найбольш эфектыўны, менавіта шляхам гарызантальных сувязяў, калі пішыце звароты як прыватныя грамадзяне. Скажыце, каму лягчэй: пісаць заявы, пісаць лісты, альбо чыноўнікам пісаць адмовы?
Аліна Нагорная: Я думаю, што ім больш складана, таму што яны парушаюць закон. Нам прасцей. Увогуле ў справе абароны любых правоў галоўныя не арганізацыі, а людзі. І нават калі арганізацыю ліквідавалі, чалавек можа не спыняцца і рабіць сваю справу. Мы ніколі з Ігарам, прынамсі я, не былі сябрамі падобных арганізацый, але мы паспяхова можам нешта рабіць і дамагацца, каб беларуская мова з’яўлялася не проста ў нейкіх прыватных установах, а нават каб на ўзроўні дзяржавы беларускай мовы станавілася больш. Напрыклад, каб дамову можна было атрымаць з дзяржаўнай інстанцыі па-беларуску, каб па-беларуску можна было судзіцца па эканамічных справах і г.д. Гэта ўсё рэальна, і проста трэба працаваць у гэтым накірунку. І гэта не залежыць ад таго, сябра ты нейкай арганізацыі, ці не.
РР: Гэта вельмі слушна вы заўважылі, асабліва ў сучасных варунках. Ці былі гісторыі поспеху не толькі ў вас, але і ў людзей, якія карысталіся вашымі парадамі?
Аліна Нагорная: Так, канешне. Вельмі-вельмі розныя гісторыі з людзьмі здараюцца, гісторыі дыскрымінацыі. І частка герояў маёй кнігі – гэта людзі, якія звярталіся і раней да нас. У залежнасці ад гісторыі мы раім, што часам чалавеку варта звярнуцца ў суд, часам чалавеку трэба напісаць скаргу, напісаць зварот, напісаць проста ў кнігу заўвагаў і прапаноў і г.д. І гэта працуе. Калі чалавек не спыняецца на адной адмове, а ў нас часта дасылаюць адмовы з першага разу, і калі пішуць скаргі на гэтую адмову, то гэта спрацоўвае.
Цалкам размова:
Размаўляў Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя