Пра дасягненні ўкраінскага грамадства



Адным з вялікіх дасягненняў дэмакратычнага свету з’яўляецца ўплыў грамадскай думкі на дзеянні палітыкаў і высокапастаўленых чыноўнікаў. Існуе прамая залежнасць паміж рэалізацыяй правоў і свабод грамадзянаў і тым, як дзяржаўныя дзеячы і палітыкі рэагуюць на крытыку. Інакш кажучы, ігнараванне грамадскай думкі і абуральныя паводзіны ў дэмакратычных рэжымах часта каштуюць уплывовым асобам іх статуса. Менавіта таму заходнія палітыкі імкнуцца дбаць пра свой імідж: пачынаючы ад ладу жыцця, сканчваючы сваімі спажывецкімі звычкамі і паводзінамі ў грамадстве. Самы хрэстаматыйны прыклад таго, як палітыкі страчвалі пасады ў дэмакратычным рэжыме — гэта Уотэргейцкі скандал ў ЗША ў 1972-1974 гг. Тагачасны прэзідэнт Рычард Ніксан спрабаваў нейтралізаваць сваіх канкурэнтаў, арганізаваўшы незаконнае сачэнне і праслухоўванне апанентаў на іх працоўным офісе. Калі гэтая інфармацыя стала вядомай грамадству, кіраўніку ЗША ледзьве не абвясцілі імпічмэнт. Ён бы пазбавіўся сваёй пасады з ганьбай, каб сам не сышоў датэрмінова ў адстаўку. Такія паводзіны прэзідэнта наймагутнейшай дзяржавы свету, у руках якога здавалася б засяроджаныя неабмежаваныя рэсурсы і паўнамоцтвы, выклікаюць здзіўленне ў жыхароў постсавецкай прасторы. У нашай частцы свету людзі прызвычаіліся да таго, што прадстаўнікі ўлады і кіраўнікі сілавога блоку — гэта “звышчалавекі”, якім дазволена калі не ўсё, то дакладна больш за “звычайных смяротных”.

Аднак некаторым постсавецкім краінам усё ж удалося вырвацца з багны чыноўніцкай беспакаранасці. Прынамсі, праца, выкананая грамадствамі, настолькі сур’ёзная, што прадстаўнікі істэблішменту не могуць адмахнуцца ад людскога абурэння і вымушаныя рэагаваць. У суседняй Украіне ў выніку скандалу пайшоў у адстаўку намеснік міністра ўнутраных справаў Олександр Гогілашвілі. Чыноўнік пазбавіўся працы пасля таго, як відэа з ягонымі зняважлівымі выказваннямі на адрас падначаленых патрапіла ў распараджэнне СМІ і сацыяльныя сеткі. Гаворка ідзе пра выпадак, калі на адным з блокпастоў Данецкай вобласці супрацоўнікі паліцыі спынілі аўтамабіль намесніка міністра і запатрабавалі вадзіцельскія пасведчанні і іншыя дакументы для праверкі. У адказ высокапастаўлены чыноўнік, абураны тым, што яго “не пазналі”, пачаў нецэнзурна лаяцца і пагражаць падначаленым. Вострая рэакцыя грамадства змусіла начальства ініцыяваць разбіральніцтвы, а ўплывовы сілавік тым часам сам сышоў з працы, прызнаўшы сваю віну. Гэтае здарэнне для беларусаў, якія больш за год церпяць ад сваволля ўладаахоўных органаў, — нешта з вобласці фантастыкі. У нас такі эпізод з жыцця якога-небудзь намесніка міністра ці нават начальніка РАУС наўрад ці б увогуле выклікаў хоць якую рэакцыю з боку кіраўніцтва краіны. Сілавікі пераўтварыліся даўно ў касту, якую нельга нават крытыкаваць. А беспакаранасць, сваёй чаргой, далей раскручвае спіраль гвалту ў грамадстве. Можна колькі заўгодна крытыкаваць Украіну за карупцыю, кепскія дарогі, недастаткова развітую медыцыну і сацыялку, але, відавочна, суседзі выйшлі на дарогу пераменаў, з якой не збочыць. Менавіта моц грамадскай думкі прымусіць уладу дзейнічаць эфектыўна і з аглядкай на інтарэсы народу, што ў выніку і прывядзе да пазітыўных змяненняў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ