Справа дудароў: два гады калоніі за музыку
Лідараў беларускага фолк-гурта Irdorath Надзею і Уладзіміра Калачоў, якія гралі на дудах на леташніх акцыях пратэсту ў Менску, асудзілі на два гады калоніі агульнага рэжыму. Іх абвінавацілі ў грубым парушэнні парадку і навучанні, падрыхтоўцы/фінансаванні такіх дзеянняў. Многія калегі па сцэне абурыліся такім вынікам гісторыі.
Не стаў выключэннем і фронтмэн беларускага гурта Zhich, арганізатар фэсту “Купальскае Кола” і шэрагу іншых Алесь Таболіч:
– Гэта сусветнавядомы гурт, які сваімі дудамі, музыкай зрабіў нейкі рытм пратэставага руху. Іх так пакаралі, каб было непанадна іншым. Гэтая савецкая ментальнсць, якая сядзіць у чыноўнікаў, міліцыянтаў і ваенных, нікуды не сыходзіла, але ж яны не разумеюць таго, што тая ж Польшча праходзіла гэта. Час прыйдзе такі, што ўсё адно яны будуць адказваць за свае ўчынкі. Яны гэта ведаюць. Калі знішчаюць самае святое святых, гэта называецца музыка, то гэта ўжо ўсё – край.
Нагадаем, Надзею і Уладзіміра Калач, а разам з імі яшчэ 14 чалавек, жорстка затрымалі 2 жніўня 2021 года на лецішчы пад Менскам, дзе кампанія адзначала Дзень нараджэння Надзеі. На шасцярых чалавек былі заведзеныя крымінальныя справы. Трое (Антон Шніп, Пятро Марчанка і Юлія Юніцкая/Марчанка) яшчэ чакаюць свайго прысуду.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя