Лукашэнка не збіраецца праводзіць новыя выбары пад міжнародным наглядам
У Беларусі новых прэзідэнцкіх выбараў пад міжнародным наглядам не будзе. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на сустрэчы з актывам Віцебскай вобласці, перадае тэлеканал СТВ.
Лукашэнка заявіў, што пасля таго, як правесці каляровую рэвалюцыю ў мінулым годзе не атрымалася, пачалі выкарыстоўваць іншыя рычагі ціску на Беларусь.
– Тое, што яны разгарнулі супраць нас гібрыдную вайну, – гэта факт. Сродкі масавай інфармацыі, дыпламатычны ціск, палітычны ціск з патрабаваннем неадкладна правесці новыя выбары, выпусціўшы так званых палітвязняў, выбары. Але не мы выбары мусім праводзіць, яны прыедуць, правядуць пад эгідай АБСЕ. Вы такія цуды дзе-небудзь бачылі? Каб у нейкую краіну прыехалі чужынцы і правялі выбары! Яны ў нашую цывільную краіну прыедуць праводзіць выбары. Вось іх патрабаванне. Натуральна, я на гэта пайсці не магу, – заявіў Лукашэнка. Ён дадаў, што нядаўна думаў наконт новых выбараў, „але потым раздумаўся”, паколькі, паводле яго слоў, у грамадстве могуць адбыцца новыя хваляванні.