Крымінальная справа за скандаванне «Ганьба» распачата ў Лідзе



Пракуратура пачала крымінальную справу за скандаванне «Ганьба» пасля абвяшчэння прысуду Вітольду Ашурку, піша „Гарадзенская праваабарона”.

18 студзеня 2021 года грамадскі актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак быў засуджаны да 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Такі прысуд абвесціў суддзя Максім Філатаў. Пасля абвяшчэння прысуду прысутныя абурыліся і пачалі скандаваць «Ганьба!», «Верым, можам, пераможам!».

Пазней, па дадзенай справе некалькі чалавек асудзілі па арт. 23.34. Адміністрацыйнага кодэксу.

Як піша @lida_grab_court, абласная пракуратура пазней пачала крымінальную справу па арт. 339 ч.2 па гэтым інцыдэнце. Усіх, хто прысутнічаў на працэсе, апытваюць ужо не як сведак, а як падазраваных. Дома праводзяць ператрусы, даюць падпіску аб нявыездзе і неразгалошванні. Падазраваным пагражае да 6 гадоў калоніі.

21 траўня 2021 года палітвязень Вітольд Ашурак памёр у шклоўскай калоніі пры нявысветленых абставінах.