Выйшаў Гарадзенскі перакідны краязнаўчы каляндар на 2022 год



У Гародні выйшаў з друку Гарадзенскі настольны перакідны краязнаўчы каляндар на 2022 год. Каляндар з’явіўся, дзякуючы прафесару і пісьменніку з Гародні Аляксею Пяткевічу, а таксама пісьменніку і рэдактару газеты “Наша слова” з Ліды Станіславу Судніку. Гэта яны на працягу ўжо 13 гадоў выдаюць падобны настольны каляндар, якім не можа пахваліцца ніводная вобласць Беларусі.

У календары, як і раней, пададзена каля паўтысячы важных і цікавых датаў з гісторыі Гарадзеншчыны, што яшчэ раз пацвярджае яе багацце і напоўненасць падзеямі і асобамі праз гады і стагоддзі.

У наступным годзе юбілеі прыпадаюць у гісторыка Уладзіміра Адамушкі, паэта з Ліды Уладзіміра Васько, хормайстра Рыгора Шырмы, публіцыста Янкі Жамойціна, журналіста Мікалая Дзелянкоўскага, мастака Напалеона Орды, харэографа Янкі Хвораста, скульптара Івана Міско, лекара і бібліяфіла Янкі Геніюша, скульптара Геніка Лойкі, пісьменніка Алеся Гаруна, гісторыка Міхася Ткачова, этнографа Адама Багдановіча, палітыка Васіля Захаркі, канцлера Льва Сапегі, фалькларыста Антона Грыневіча, народных песняроў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, грамадска-культурнай дзеячкі Зоські Верас, пісьменніка Уладзіміра Калесніка, этнографа, мінеролага і геолага Ігната Дамейкі, паэта Петруся Макаля, паэтаў Васіля і Анатоля Дэбішаў, гісторыка Сяргея Піваварчыка, літаратуразнаўца Адама Мальдзіса, паэта Юркі Голуба і многіх іншых асобаў.

Каляндар Аляксея Пяткевіча і Станіслава Судніка з’яўляецца пэўным крокам у развіцці гарадзенскага краязнаўства, паколькі нацэльвае краязнаўцаў Гарадзеншчыны на працу па пэўных датах і з пэўнымі людзьмі, якія адзначаны ў календары.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя