Польшча змякчыла абмежаванні па каронавірусе для дальнабойшчыкаў
З 15 снежня ў Польшчы дзейнічаюць больш жорсткія патрабаванні для тых, хто ўязджае ў краіну — тэст на COVID-19 трэба прайсці не пазней чым за 24 гадзіны да паездкі.
А напярэдадні польскае Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што гэтае патрабаванне вырашылі змякчыць — тэст можна будзе здаць на працягу трох гадзін пасля перасячэння мяжы, паведамляе Gazeta Wyborcza.
Вакцынацыя не вызваляе ад тэсціравання, таксама як факт таго, што чалавек перахварэў на ковід. Гэтае патрабаванне ў першую чаргу адбілася на дальнабойшчыках, якія стаялі перад беларуска-польскай мяжой і чакалі афармлення – зараз фізічна складана прайсці мяжу на працягу сутак.
Адсюль і рашэнне – вызваленне ад абавязку тэсціравання супрацоўнікаў транспартнай галіны. Гэта будзе датычыць, у прыватнасці, кіроўцаў грузавікоў, якія рэгулярна перасякаюць усходнюю мяжу ў рамках сваёй працы. Таксама гэта адносіцца да супрацоўнікаў авіякампаніі LOT, якія працуюць на самалётах і вяртаюцца з-за межаў Шэнгенскай зоны.