Лісты



„10 лет без права переписки” – быў такі савецкі фільм. І было такое пакаранне ў савецкія часы. Родныя забітых да апошняга спадзяваліся, што яны – жывыя.

Проста не могуць пісаць і атрымліваць лісты. Праз нейкі час усе зразумелі, што гэта такое і з чым яго ядуць… „10 лет без права переписки”.

Заставалася адно пісаць лісты ў пустэчу, у нікуды. Пажадана – пра сябе, у думках, бо напісанае, як вядома, застаецца… Тое, што напісаў ты, можа прачытаць хтосьці другі, а трэці, дзякуючы паспяховаму ланцужку даносаў, можа пасадзіць першага за спачуванне ворагам народу. Ворагі павінны быць знішчаныя.

Страшныя былі часы. Но времена не выбирают: в них живут и умирают. Мы жывём у няпростыя часы, але фармулёўкі судовых прысудаў гучаць адназначна і “миласэрна” расстаўляюць усе кропкі над “і” – 2, 5, 10, 13, 14, 16, 18 год… Ніхто пакуль не пазбаўляе палітычных вязняў жыцця і права атрымліваць лісты. Таму ўсе, хто на волі, могуць паспрабаваць перамагчы цэнзуру, прарваць блакаду і адправіць лісты ў турму.

Лісты ў турму – гэта няпроста і вымагае пэўных душэўных высілкаў, але патрачаныя на тое час і сілы апраўданыя дапамогай, атрыманай чалавекам з таго боку муроў. Чалавекам, які зрабіў усё, што мог… І разлічваць ён можа толькі на тых, хто тут і цяпер дыхае вольным паветрам. Дыхаеш? Варушыся. Кожны з нас можа разлічваць адно на сябе, але спадзявацца варта таксама на іншых… Неабыякавых.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ