Халодны снежань 1916 года



Першая сусветная вайна, зіма.

Халодны снежань 1916 года. Прыфрантавы Менск.

У няўтульны горад з Яраслаўля прыязджае паэт Максім Багдановіч.

Прыязджае з жаданнем жыць на Радзіме, якую волей лёсу пакінуў у пяцігадовым ўзросце Хоча займацца літаратурнай справай, будаваць новае жыццё і дапамагаць іншым людзям – уцекачам, ён уладкоўваецца на працу «Беларускага таварыства помачы ахвярам вайны». Артыкул «Агляд працы за першы год Менскага аддзела Таварыства для помачы пацярпеўшым ад вайны» (упершыню надрукавана ў газеце «Дзянніца», 1916, № 4, 27 лістапада) – апошні прыжыццёвы артыкул Максіма.

Артыкул прысвечаны Менскаму аддзелу «Беларускага таварыства помачы ахвярам вайны», у дзейнасці якога Максім Багдановіч прымаў удзел, калі прыехаў восенню 1916 года ў Менск. Упершыі артыкул Максіма Багдановіча «Агляд працы за першы год…», быў змешчаны ў газеце «Дзянніца» (выходзіла ў Петраградзе з 1 (14)/XI 1916 па 31/ХІІ 1916 (13/1 1917). Артыкул змешчаны пад рубрыкай: «3 нашага жыцця».

У якасці псеўданіма Максім Багдановіч выкарыстаў прозвішча сваёй прабабкі Рузалі Асьмак.

У артыкуле Максім Багдановіч піша пра культурніцкую працу беларускай інтэлігенцыі: “трэба ўспомніць аб «ёлцы», зробленай на Каляды, на каторай праз 2 дні было да 150 дзяцей за падаркамі, – і аб «батлейцы» – беларускім народным тэатры. Калісь «батлейка» была добра вядома па ўсім краю і толькі астатнімі гадамі шмат занікла. Але ў Менску знайшлося добрых два старых батлейшчыкі, каторыя наладзілі «батлейку» ў памяшчэнні «Лучынкі» і «Сахі» . Нашы людзі шчыра цешыліся з «батлейкі».

У артыкуле апісваецца праца Менскага аддзела «Беларускага таварыства помачы ахвярам вайны»: арганізацыя бескаштоўных сталовак, прытулку для дзяцей, стварэнне працоўных месцаў для ўцекачоў – “Пачынаючы са студня 1916 года камітэт раздаваў лён на пражу. Пражай займаліся каля 150 кабет. Разам з тым камітэт залажыў ткацкую майстэрню, дзе выраблялася на продаж добрае палатно, ручнікі, абрусы ды іншыя тканіны з пекнымі ўзорамі на беларускі лад. Апроч таго, камітэт заняўся шыццём бялізны для войска”. Аддзел адкрыў дзiцячы прытулак у раёне Камароўкi і Залатой горкi, начлежныя прытулкi для ўцекачоў, дзьве бясплатныя і адну платную сталоўку пад назваю “Беларуская хатка” – адначасова клуб беларускай iнтэлiгенцыi

У снежні 1916 года Менскі аддзел «Беларускага таварыства помачы ахвярам вайны» года хадайнічаў перад губернатарам аб правядзенні лекцыі Максіма Багдановіча „Беларускае адраджэнне”, але хадайніцтва было адхілена, бо імпрэза можа нашкодзіць дзяржаўным інтарэсам Расейскай імперыі.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ