„Купалаўцы” прадставяць беларускамоўную версію рамана “1984”



“Купалаўцы” прадставяць на YouTube першую версію рамана Джорджа Оруэла “1984” на беларускай мове ў аўдыёфармаце. Гэта трылогія, таму ісці яна будзе тры вечары — 19, 20 і 21 снежня.

“У дзевяностыя ўпершыню сутыкнуўся з раманам Джорджа Оруэла «1984». Менавіта па-беларуску. Можа, гэта і ёсць праца майго жыцця. Колькасць пачварных супадзенняў з рэчаіснасцю выбешвае, разбурае знутры, і разам з гэтым заклікае інстынкт самазахавання казаць гучнае “не”, — распавёў Алег Гарбуз, выканаўца, рэжысёр і рэдактар праекта. – „Умоўная будучыня вачыма Джорджа Оруэла. Ці стала гэтая фантазія рэальнасцю? Вырашаць нашым гледачам. А ў дадзеным выпадку – слухачам. Мы прадстаўляем сапраўды эпічны праект. Першая версія рамана Джорджа Оруэла на беларускай мове ў аўдыёфармаце. Пераклад Сяргея Шупы. Галасы Купалаўцаў. Прэм’ера-трылогія. Тры дні, тры вечары, тры часткі”.

Нагадаем, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года вялікая частка трупы Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы падтрымала пратэсты і выступіла супраць гвалту. Яны сышлі ўслед за дырэктарам тэатра Паўлам Латушкам, але працягнулі працаваць. За год выпусцілі некалькі відэапастановак. Яны апублікаваныя на іх YouTube-канале.