22 гады споўнілася 19 снежня палітзняволенай Ксеніі Сырамалот



Свой Дзень народзінаў яна сустрэла ў калоніі. Пра апошнія навіны з жыцця ў зняволенні Ксеніі распавяла яе сяброўка і сакратарка знешніх сувязяў Заадзіночання беларускіх студэнтаў Дар’я Рублеўская.

У калоніі Ксенія Сырамалот працуе, і гэта ёй падабаецца, бо дні цягнуцца хутчэй у параўнанні з СІЗА. У адным са сваіх апошніх лістоў дзяўчына апісала асаблівасці сваёй працы: “Мы насцілаем тканіну, выразаем з яе буйныя дэталі (спінкі, перад) […] Я яшчэ вучуся рэзаць машынкай, таму ў мяне гэта вельмі павольна атрымоўваецца ў параўнанні з іншымі і менш якасна, таму мне яшчэ далёка не ўсё даюць рэзаць машынкай. Калі я не рэжу машынкай, то выразаю нажніцамі дэталькі”.

Ксенія Сырмалот — адна з 12-ці асуджаных па так званай “справе студэнтаў”. Яна вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на факультэце філасофіі і сацыяльных навук, але праз зняволенне не паспела яго скончыць. Ёй прысудзілі два з паловаай гады калоніі і цяпер палітзняволеная ўтрымліваецца ў папраўчай калоніі нумар 4 горада Гомеля.

Адрас для лістоў да Ксеніі Сырамалот: ПК №4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Беларускае Радыё Рацыя