Прэзідэнты краін Люблінскага трохкутніка абмеркавалі міграцыйны крызіс



Гібрыдныя пагрозы, абвастрэнне сітуацыі на мяжы Украіны і Расеі, а таксама міграцыйны крызіс сталі тэмамі сустрэчы прэзідэнтаў краін Люблінскага трохкутніка.

Уладзімір Зяленскі, Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа сустрэліся сёння, 20 снежня, ва ўкраінскіх Карпатах. Па выніках сустрэчы адбылася прэсавая канферэнцыя, падчас якой украінскі лідар адзначыў, што тэма крызісу на межах Беларусі з Еўразвязам стала адной з галоўных, і што Украіна ажыццяўляе прэвентыўныя меры, каб пазбегнуць падобнага сцэнару на сваіх межах.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што міграцыйны крызіс справакавалі ўлады ў Менску пры падтрымцы Крамля. Паводле Дуды, атаку мігрантаў удалося адбіць, але праблема яшчэ застаецца. Што тычыцца расейска-ўкраінскіх адносін, то паводле польскага лідара, гэта пытанне яго непакоіць, як і іншых саюзнікаў па НАТА. “Бяспека Украіны – гэта фундаментальнае пытанне”, – адзначыў ён, дадаўшы, што трэба прымаць усе намаганні для прадухілення агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Беларускае Радыё Рацыя