Беластоцкі каворкінг для беларускіх журналістаў пачынае сваю працу
Рамонтныя працы ў памяшканні, у якім будзе знаходзіцца беластоцкі каворкінг – цэнтр для працы беларускіх журналістаў – практычна завяршыліся. Гэтае памяшканне было выдзелена беластоцкімі гарадскімі ўладамі напрыканцы жніўня, але яно патрабавала рамонту.
«Афіцыйнае адкрыццё цэнтру адбудзецца ў студзені», – кажа кіраўнік беластоцкага каворкінгу Руслан Кулевіч.
– Рамонт ужо амаль зроблены, мы можам працаваць. Афіцыйнае адкрыццё мы зробім у студзені. Запросім калег з Варшавы, і тых, хто нам дапамагаў. Мы тут працуем ужо каля двух тыдняў. Была сустрэча з беларусамі, нашы журналісты збіраліся. У канцы студзеня плануем зрабіць культурную імпрэзу, прыедзе Аляксандр Патліс, вядомы музыка з Беларусі, правядзем сустрэчу з журналістамі і запросім беларусаў.
Беларускія журналісты, якія працуюць у беластоцкім каворкінгу, ужо заснавалі інтэрнэт-выданне «Мост», якое ў студзені з’явіцца ў польска-беларускай інфармацыйнай прасторы.
Руслан Кулевіч таксама паведаміў, што ў памяшканні каворкінгу будуць ладзіцца і культурныя мерапрыемствы – выставы мастакоў, прагляды фільмаў, сустрэчы з цікавымі людзьмі, прэзентацыі кніг.
Беларускае Радыё Рацыя