Пра назад у мінулае



Дзяржаўныя крамы і інтэрнэт-крамы — рэчы несумяшчальныя. У мяне адчуванне, што час там спыніўся і яны ўсё яшчэ працуюць у Савецкім Саюзе. Так і ўзгадваецца карціна з пустымі палічкамі ў крамах і вечнымі чаканнямі ў вялізных чэргах.

З апошняга: замовіла я перамяшчэнне ў адной буйной дзяржаўнай краме кнігі „Калядная каша” яшчэ 10 снежня. І што вы думаеце? Нічога. У замове некалькі дзён было напісана „не отгружено”. Мая душа не вытрымала. Праз тыдзень маўчання і назірання за пазнакай „не отгружено” я яшчэ раз замовіла, адмяніўшы папярэднюю замову. Ну, а раптам нейкі збой у інтэрнэт-краме. Па выніку спачатку там было некалькі дзён напісана “не обработано”. А цяпер – зноў пазнака „не отгружено”.

І вы думаеце гэта адзінкавы выпадак? Аднойчы я ў інтэрнэт-краме адной беларускай фірмы замовіла келіхі. Другі раз зайсці ў кабінет я не змагла, бо там неяк аўтаматычна даецца пароль, які потым даведацца немагчыма. А сам тавар можа ехаць і месяц, як пазначалася пры замове. Аднак, праз месяц я так і не змагла даведацца, ці прыехалі мае келіхі. Бо я не змагла зайсці ў свой кабінет, бо пароль я так і не змагла даведацца. А пра дачынні з кедамі адной вядомай дзяржаўнай фабрыкі я ўвогуле маўчу. Некалькі год я спрабавала набыць у іх красоўкі, але так і не змагла замовіць абутак у іхняй інтэрнэт-краме. На дварэ ішоў канец 2021. А цяпер там увогуле казка: увесь абутак з інтэрнэт-крамы — толькі пад замову і каштуе 0 рублёў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ