Пра гульню без правіл у выкананні дзяржаўных чыноўнікаў



Дзяржава паслядоўна, крок за крокам, знішчае магчымасці для легальнай грамадскай дзейнасці, непадкантрольнай уладам. Услед за прымусовай ліквідацыяй некалькіх соцень НДА прыйшла чарга да наступнага ходу – увядзення крымінальнай адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Зрэшты, назваць дадзены падыход ноў-хаў язык не паварочваецца – гэтая практыка была прадугледжаная артыкулам 193.1 Крымінальнага кодэксу, які дзейнічаў у перыяд з 2005 па 2019 гг. Такім чынам, гаворка ідзе не пра ўвядзенне новых абмежаванняў, а пра практыку выкарыстання старых падыходаў. Гэта сведчыць як пра няздольнасць дзяржавы да дыялогу з грамадствам, так і пра крызіс жанру ў прадстаўнікоў сілавога блоку, якія не могуць прыдумаць нічога новага.

У 2005 годзе, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, быў прыняты цэлы пакет законаў і правак у законы, якія істотна абмяжоўвалі свабоды і правы грамадзянаў. Сярод дыскрымінацыйных мераў, якія мусілі стрымаць рост апазіцыйных настрояў, быў знакаміты артыкул 193.1 КК (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). У народзе гэты артыкул атрымаў назву “больш за траіх не збірацца”. Пасля прыняцця гэтага закону Беларусь аўтаматычна трапіла ў шэраг афрыканскіх і азіяцкіх дэспатый, дзе сітуацыя з правамі чалавека пакідае жадаць лепшага. Распрацоўшчыкі закону імкнуліся зрабіць усё, каб несанкцыянаваная актыўнасць грамадзян стала немагчымай.

Першымі ахвярамі артыкула 193.1 сталі сябры незарэгістраванага аб’яднання “Партнёрства”, якія планавалі ажыццяўляць назіранне за выбарамі. Пасля разгрому гэтай арганізацыі, лідары якой трапілі нават у месцы зняволення, грамадзянская супольнасць Беларусі ўбачыла, якія могуць быць наступствы ад дзейнасці без рэгістрацыі. Потым былі гучныя расправы над “Маладым Фронтам”, тагачасны старшыня гэтай арганізацыі Зміцер Дашкевіч нават адматаў па гэтым артыкуле турэмны тэрмін. Дзясяткі моладзевых лідараў атрымалі больш мяккія пакаранні ў выглядзе штрафаў альбо папярэджанняў за дзейнасць без рэгістрацыі.

У выніку ўвядзення гэтага артыкула, які стаў сапраўдным Дамоклавым мечам, некаторыя арганізацыі спынілі сваю дзейнасць, а некаторыя навучыліся дзейнічаць ва ўмовах падполля. Беларускія праваабаронцы з “Асамблеі НДА”, сябры Праваабарончага Цэнтру “Вясна”, прадстаўнікі БХК абралі іншую стратэгію. Яны пачалі праводзіць бестэрміновую грамадзянскую кампанію па скасаванні адыёзнага артыкула. За гады кампаніі “Стоп 193.1” ладзіліся вулічныя акцыі пратэсту, дасылаліся петыцыі, праводзіліся канферэнцыі, ствараліся сатырычныя мультфільмы, пісаліся артыкулы. Словам, рабілася ўсё, што магчыма. Увесь гэты час працягвалася камунікацыя беларускіх праваабаронцаў з замежнымі калегамі і ўрадамі, якія ажыццяўлялі пастаянны ціск на ўлады Беларусі, што былі вымушаныя апраўдвацца за існаванне абсурднай нормы ў беларускім заканадаўстве. Нягледзячы на шматлікія заўпэўніванні беларускага боку, што артыкул вось-вось будзе скасаваны, ён нязменна праіснаваў ад 2005 года да 2019, калі адказнасць стала кваліфікавацца як адміністрацыйнае правапарушэнне.

У рэаліях канца 2021 году, які праходзіць пад знакам перамогі рэакцыйных сілаў, вяртанне да практыкі крымінальнага пераследу за дзейнасць без рэгістрацыі – заканамерны вынік “зачысткі”. Розніца з папярэднім этапам прымянення крымінальнага артыкула – у тым, што тады ўлада стварала “гета” для апазіцыйных актывістаў, якія маглі рэалізоўваць свае амбіцыі ў рамках нешматлікіх зарэгістраваных структур. Цяпер прадстаўнікі рэжыму не маюць патрэбаў нават у стварэнні ілюзіі законнасці, а ўся несанкцыянаваная актыўнасць крыміналізуецца. Гэта азначае, што дзяржава ступіла на шлях змагання з усімі, прычым без разбору метадаў. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ