Урадавая камісія Літвы назвала дамову з «Беларуськаліем» пагрозай бяспецы
Урадавая камісія для праверкі ўгодаў стратэгічных прадпрыемстваў у аўторак аб’явіла, што дагавор «Літоўскіх чыгунак» з беларускім вытворцам угнаенняў «Беларуськалій» і змены ў ім ствараюць пагрозу для бяспекі краіны. Канчатковае рашэнне павінен будзе прыняць урад, піша Delfi.
„Камісія (…) прыняла рашэнне, што заключаны ў 2018 годзе паміж „Беларуськаліем” і „ЛЧ” дагавор аб арганізацыі перавозкі грузаў па чыгунцы, а таксама змяненне, унесенае ў дагавор у кастрычніку 2021 года, не адпавядаюць інтарэсам нацыянальнай бяспекі”, – паведаміў урад.
На мінулым тыдні было абвешчана, што старшыня праўлення «Літоўскіх чыгунак» Мантас Бартушка пакіне пасаду. Калі спыніцца транзіт беларускіх угнаенняў праз Літву, будзе залежаць ад заканадаўчай базы.
Кампанія «Літоўскія чыгункі» падпісала дамову з «Беларуськаліем» увесну 2018 года, яна дзейнічае да канца 2023 году. У адпаведнасці з ёй праз Клайпедскі порт перавозіцца каля 11 млн. тон беларускіх угнаенняў.
Фота: © Scanpix