Агляд прэсы: за двума зайцамі



Беларусь і Польшчу абвінавацілі ў «брутальным гвалце» ў дачыненні да мігрантаў падчас крызісу. НАТО выбірае рэакцыю на патрабаванні Масквы. Ці аб’яднае Чылі 35-гадовы прэзідэнт? Канец рэформам Байдэна? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Расейская газета The Moscow Times прыводзіць даклад Amnesty International, у якім Беларусь і Польшча як сябра ЕЗ, абвінавачваюцца у тым, што яны падвяргаюць мігрантаў «брутальнаму гвалту», калі тыя дамагаюцца ўезду ў Еўразвяз. Праваабарончая арганізацыя заявіла, што сабрала сведчанні 72 пацярпелых грамадзян Ірака, Сірыі і Судана.

«Беларускія памежныя войскі падвяргалі мігрантаў «сур’ёзным катаванням або іншаму жорсткаму абыходжанню, у тым ліку пазбаўленню ежы, вады, жылля і санітарыі, а таксама крадзяжу тэлефонаў і грошай або вымагальніцтва за хабары», – цытуе даклад расейскае выданне.

«У тых, хто здолеў перабрацца ў Польшчу, былі пашкоджаны тэлефоны, польскія спецслужбы выкарысталі пярцовыя балончыкам і выштурхнулі іх ў раку, каб людзі вярнуліся ў Беларусь», – прыводзіць прыклад The Moscow Times і адзначае, што беларускія ўлады адмовілі праваабаронцам у доступе да інтэрв’ю з мігрантамі, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў памежнай зоне.

«Беларусь павінна неадкладна спыніць гэты гвалт, а краіны-члены ЕЗ павінны перастаць адмаўляць людзям у магчымасці пазбегнуць гэтых абуральных парушэнняў, не кажучы ўжо пра вяртанне іх у Беларусь, каб сутыкацца з імі зноў і зноў», — гаворыцца ў паведамленні і падкрэсліваецца, што ў аўторак групе ААН, якая была накіраваная для маніторынгу крызісу з мігрантамі, было адмоўлена ў доступе да памежнай зоны з абодвух бакоў.

***

Расея апублікавала два праекты пагадненняў з ЗША і краінамі НАТО, дзе прадставіла сваё бачанне архітэктуры бяспекі ва Усходняй Еўропе. ЗША і Украіна ўжо заявілі аб непрымальнасці такіх патрабаванняў. Еўрапейская прэса разважае аб тым, наколькі сур’ёзна варта ставіцца да патрабаванняў Крамля.

Калі ўсё роўна няма ніякіх планаў па прыняцці Украіны ў НАТО, дык чаму б не даць Маскве гэтыя праславутыя гарантыі?” – задае нязручнае пытанне ірландская газета The Irish Independent.

«Трэба адкрыта заявіць аб тым, аб чым усе на Захадзе ўжо і так даўно ведаюць: НАТО зусім не мае намеру прымаць у свае шэрагі Украіну і Грузію. Калі Уладзіміру Пуціну патрэбны гарантыі таго, што такога плану не існуе, то чаму б іх яму не даць? Захад не плануе прэтэндаваць на гэтыя дзве дзяржавы, але і адмаўляцца ад іх мы не збіраемся. Джо Байдэн справядліва прыгразіў Расеі сур’ёзнымі эканамічнымі наступствамі ў тым выпадку, калі Уладзімір Пуцін аддасць загад заняць новыя рэгіёны Украіны. Стабільная нейтральная Украіна – у інтарэсах усіх бакоў, і пра гэта можна адкрыта казаць», – лічыць ірландскае выданне.

***

У Чылі скончыліся прэзідэнцкія выбары, у выніку якіх краіну ўзначаліў былы лідар студэнцкага руху Габрыэль Борыч. 35-гадовы палітык прыняў удзел у выбарах у складзе змешанай кааліцыі левых сіл Apruebo Dignidad («Я – за годнасць»). Борыч мае намер правесці рэформу адукацыйнай сістэмы і сістэмы аховы здароўя, забяспечыць грамадзян жыллём, будзе выступаць за правы жанчын і карэнных народаў, змагацца з наркакартэлямі, а таксама павысіць падаткі. Еўрапейская прэса ўскладае на Борыча вялікія спадзяванні.

Гішпанская газета La Vanguardia спадзяецца на пераарыентацыю краіны:

«Краіна вырашыла парваць з мінулым і праводзіць умераную левую палітыку. Пасля перавароту, здзейсненага Піначэтам, Чылі стала зыбкай неаліберальнай мадэлью і палігонам прыватызацыі, аднак эканамічны рост не ўхіліў няроўнасць. Вось чаму краіна робіць стаўку на ўздым, у аснове якога – стварэнне сістэмы ўніверсальных дзяржаўных паслуг, прасоўванне зялёнай энергетыкі і аднаўленне палітычнага і сацыяльнага клімату. З перамогай Борыча новыя левыя, якія ўжо перамаглі ў Аргентыне, Перу і Балівіі, умацоўваюць свае пазіцыі ў Паўднёвай Амерыцы», – піша гішпанскае выданне.

***

Кансерватыўны сенатар ад дэмакратаў Джо Мэнчын заявіў, што не падтрымае пакет сацыяльных мер і пакет мер па паляпшэнні клімату, прадстаўлены прэзідэнтам Джо Байдэнам. Улічваючы нязначную большасць дэмакратаў у Сенаце, гэта можа азначаць канец рэформаў, якія ляжаць у аснове палітычнага парадку дня Байдэна. Еўрапейскія СМІ настойваюць на выратаванні хаця б часткі пакету рэформ.

«Байдэну давядзецца развітацца з ідэалізмам і вярнуцца на грэшную зямлю», – лічыць швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung.

«З-за ўнутраных сварак партыя звяла да нулю ўласныя поспехі з кан’юнктурным пакетам і планам рэформы інфраструктуры. Байдэну прыйдзецца зрабіць з гэтага адну-адзіную выснову: надмерна разадзьмутыя планы прыйдзецца паменшыць да рэалістычных і пераканаць у іх неабходнасці левае крыло партыі. Калі гэтага ў самым хуткім часе не здарыцца, то наступнай восенню практычна гарантавана і без таго магчымая страта абедзвюх палат Кангрэса, а разам з ёй – уласнай дзеяздольнасці», – папярэджвае швейцарскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.