Як святкуюць Раство ў Грузіі



У Польшчы набліжаецца Раство, якое адзначаюць як каталікі, так і праваслаўныя па Грыгарыянскім календары. У шматэтнічным і шматканфесійным Беластоку побач з беларускай меншасцю пражываюць і грузіны.

Мы запыталіся ў грузінкі Ірыны Капланашвілі, як праходзіць Раство ў Грузіі:

– У Грузіі Каляды мы адзначаем як праваслаўныя, у ноч з 6 на 7 студзеня, вядома ж запальваем свечкі ў 12 гадзін ночы, гэтая свечка абавязкова павінна стаяць на акенцы. Жадаючыя могуць праводзіць гэты вечар у царкве, усе разам спяваем там Аліло – песня-калядка. Далей адзін аднаго віншуем, вядома, частуем. Абавязкова віно і хлеб – гэта наша традыцыйная страва. Усе могуць сесці за адзін вялікі стол з сябрамі, сваякамі, і адзначаць гэта цудоўнае святое свята.

Каляды ў Грузіі – адно з найвялікшых святаў. Менавіта Грузія адна з найстаражытных праваслаўных краін. Ад усіх іншых краін грузінскае святкаванне Раства адрозніваецца незвычайна прыгожым відовішчам, якое пачынаецца пасля ўрачыстага начнога богаслужэння. Вернікі і самі святары праходзяць па вуліцах святочным шэсцем з царкоўнымі песнямі, несучы над сабой абразы і крыжы. Такім чынам, яны як бы нясуць добрую вестку аб нараджэнні Хрыста. Да працэсіі далучаюцца ўсе жадаючыя. А яшчэ ў Калядную ноч у кожнай грузінскай хаце запальваюцца свечкі, прынесеныя з храма. За сталом, да якога падаюць абавязковыя калядныя аладкі – „кверцы” – грузіны, як і іншыя праваслаўныя, узгадваюць цуды гэтай ночы, асветленай Віфлеемскай зоркай.

Францішак Цярэшка, Беларускае Радыё Рацыя