Апошняе слова



Людзі адчуваюць сябе больш упэўнена, расклаўшы ўсё па палічках: справы, словы, думкі… І падзеі года, безумоўна. Найважнейшае ў 2021-м – людзі. Іх справы і словы. Апошняе слова палітычных вязняў – важная падзея мінулага года. Варта спыніцца тут і працытаваць пэўныя рэчы. «Я шчаслівы чалавек, таму што ў сям’і ў нас не было ніколі ніякіх сумневаў у тым, што твой учынак трэба ацэньваць найперш з пункту гледжання маральнасці, а не матэрыяльных нейкіх стратаў…» Віктар Бабарыка. 14 год пазбаўлення волі. «Я беларуска. Я маю права на свабоду меркаванняў, перакананняў і свабоду выяўлення. Карыстаючыся гэтым правам, я ніколі не выходзіла за межы заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Я не злачынца. Мне 19 гадоў, я далёкая ад палітыкі, але ёсць рэчы, для разумення якіх узрост не мае значэння. Я выйшла не супраць улады, я выйшла супраць гвалту, прыніжэння, беззаконня і лжы, таму што мяне немагчыма прымусіць глядзець і не бачыць… » Студэнтка БНТУ Анастасія Булыбенка 16 ліпеня 2021 года была асуджаная на 2,5 года зняволення. «Я не ведаю, які будзе прысуд, колькі насамрэч буду сядзець. Як паказала практыка, усё не ў руках суддзі і нават не ў маіх, і не ў кожнага з нас. Але я хацеў сказаць адно: які б я ні быў, я такі, які я ёсць, і я ўсіх вас вельмі люблю. І я не магу па-іншаму. Я буду вас абараняць так, як магу… Я лічу, што гэта мой абавязак. І я лічу, што па-іншаму немагчыма», — сказаў Сцяпан Латыпаў. «У мяне ёсць маладосць, любімая прафесія, поспех, вядомасць, а галоўнае — чыстае сумленне. І свае сілы я хачу накіраваць выключна на стварэнне ў Беларусі, на служэнне ёй. Беларусі, дзе не будзе месца палітычным рэпрэсіям, дзе не будуць пераследаваць за сумленную журналістыку, за праўду», — сказала рэпарцёр Кацярына Андрэева. 2 гады калоніі. «Я не буду сябе абараняць і выгароджваць, але калі вы дасцё мне тэрмін, я магу ўжо не ўбачыць бабулю. Можна нават даць „хімію“ з большым тэрмінам, чым просіце пазбаўлення волі. Каб было справядліва, але каб я ўбачыла бабулю», — казала 18-гадовая Сафія Малашэвіч у апошнім слове. 2 гады турмы. Бабуля Сафіі памерла праз месяц пасля прысуду. А суддзі хто? Пытанне класіка завісла ў паветры, быццам каронавірусны аэразоль.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ