Ігар Банцэр: Мы жывем у рэчаіснасці, якая нагадвае раманы Оруэла



17-га снежня 2021 года пасля адбыцця пакарання выйшаў на волю гарадзенскі музыка і грамадскі актывіст Ігар Банцэр.

РР: Як прайшлі апошнія месяцы зняволення? Ведаем, што Вы знаходзіліся ў ШЫЗА, што адбывалася, які быў кантакт са светам?

Ігар Банцэр: Што важна, у гэтых установах, калі сядзіш у карцары ці ў ШІЗА так званым, ці нават у ШЫЗА 2 у Віцебску, як я сядзеў першыя свае 40 дзён, там у 6 гадзін укючаецца гімн Рэспублікі Беларусь, і да 10 гадзін вечара Першы канал беларускага радыё. Вось гэта асноўны кантакт са светам. Таму ўся інфармацыя з навінаў, нейкіх размоў. Даведаўся, што самы папулярны ў нас палітык пасля Лукашэнкі – гэта Гайдукевіч. Цікавыя інтэрв’ю з Лукашэнкам у радыёверсіі паслухаў некалькі штук. Таму, калі выкарыстоўваць оруэлаўскую логіку і чытаць паміж радкоў, а я, як савецкі чалавек, да гэтага генетычна падрыхтаваны, то ў прынцыпе кантакт са светам я меў і мог уявіць, што тут адбываецца. Але ж, безумоўна, калі выйшаў, то высветлілася, што “аказалася, што здавалася”.

РР: Раскажыце, як вас выпускалі на волю.

Ігар Банцэр: У мяне было вялікае пытанне з заканчэннем тэрміну, таму гэта выкарыстоўвалі як псіхалагічны ціск. Напісалі, што ёсць адна дата, потым перабілі на другую. Потым пасадзілі ў ШІЗА. Але 17-га снежня, калі мяне выпускалі, адбылося ўсё максімальна карэктна, наколькі гэта можа быць у такіх умовах. Адзіны непрыемны момант, там было некалькі асуджаных, у тым ліку палітычных, і мне не далі з імі развітацца. І я не змог нікому з іх паціснуць рукі.

Мяне сустрэў мой стары сябар, за што я яму вельмі ўдзячны. Зараз я ў Гародні, патрошку з людзьмі сустракаюся. Гэта вельмі прыемна бачыць знаёмыя твары. Вельмі класна быць не там, а тут. Праўда, выйшаў нібыта на волю, але тое, што адбываецца, нагадвае мне самыя дзіўныя антыўтопіі. Оруэл заўжды быў маім самым улюбёным пісьменнікам. Шкада, што зараз мы жывем у такой рэчаіснасці, якая вельмі моцна нагадвае ягоныя раманы.

Ігара Банцэра пакаралі за перформанс у выглядзе танца без нагавіц перад машынай міліцыі (ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу). Банцэру прысудзілі 1,5 года «хіміі», якія ён адбываў у Віцебску ва ўстанове адкрытага тыпу №9.

Цалкам размова ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя