Зміцер Кучук: Якасць будаўніцтва АЭС не заслугоўвае даверу
Хоць першы блок Астравецкай АЭС працуе ненадзейна і адключаўся 8 раз, улады спяшаюцца, ні на што не зважаючы, запусціць другі рэактар, у які пачалі загружаць паліва. А размовы ідуць ужо ўвогуле пра будаўніцтва яшчэ адной АЭС. Меркаванні беларускіх эколагаў пры гэтым абсалютна не ўлічваюцца, – кажа ў размове з Радыё Рацыя кіраўнік Беларускай партыі „Зялёныя” Зміцер Кучук:
– Было апублікавана зусім нядаўна расследаванне, дзе сказана было пра 144 парушэнні, і ў прыватнасці былі сур’ёзныя парушэнні па тушэнні пажару. І вось, не ліквідаваўшы гэтыя недахопы, “Росатам” і “Белэнерга” ўводзяць другі блок. Гэта кажа пра тое, што сапраўды якасць будаўніцтва атамнай станцыі не заслугоўвае ніякага даверу. І ёсць вялікая верагоднасць таго, што гэта можа прывесці да сумных наступстваў. І ў той жа час казаць пра эканамічны складнік, што нам абяцаў урад Беларусі, што знізяцца тарыфы на электраэнергію, што мы будзем экспартаваць электраэнергію, фактычна гэтыя абяцанні не выконваюцца. Незразумела куды ўрад Беларусі будзе дзяваць электраэнергію. І калі ён раней яшчэ казаў, што, магчыма, будуць зніжаны закупкі газу, але, як паказвае практыка, мы не сутыкнуліся сёлета з тым, што зніжаюцца закупкі газу ў Расеі.
РР: Вядома, што першы блок спыняўся восем разоў, гэта нанесла страты каля 400 мільёнаў даляраў, а тут і другі ўводзяць.
– Так, гэта кажа пра тое, што “Росатам” з’яўляецца ненадзейным праекціроўшчыкам, і пры эксплуатацыі атамнай станцыі нашы асцярогі пацвярджаюцца. Як гэта будзе далей праяўляцца? У першую чаргу, мабыць, у эканамічным плане, хутка трэба будзе плаціць па крэдыту “Росатаму” і расейскаму ўраду, але пакуль беларуская атамная станцыя прыносіць адны страты, а не тыя дывідэнды, на якія разлічваў урад Беларусі.
Таму будаўніцтва АЭС у Беларусі – вялікая памылка, якую давядзецца „расхлёбваць” будучым пакаленням, – упэўнены Зміцер Кучук.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя