Двое беларусаў з верасня 2020 года жывуць у амбасадзе Швецыі ў Менску



Камітэт супраць катаванняў ААН прызнаў прымальнай скаргу Віталя і Уладзіслава Кузнечыкаў. 23 верасня 2020 году Кузнечыкі звярнуліся ў Камітэт супраць катаванняў са скаргай на Швецыю. У скарзе яны заявілі, што калі ў выніку дзеянняў ці бяздзейнасці ўладаў Швецыі яны будуць затрыманыя ўладамі Беларусі, то сутыкнуцца з рэальнай рызыкай катаванняў.

У кастрычніку Камітэт на запыт Кузнечыкаў звярнуўся да Швецыі з просьбай гарантаваць недатыкальнасць сына і бацькі, пакуль будзе разглядацца скарга. Цяпер скаргу Кузнечыкаў прызналі прымальнай.

Удзельнікі пратэстаў Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі, папрасілі палітычнага прытулку ў Швецыі, асцерагаючыся пераследу сілавікоў. У шведскай амбасадзе ў Менску ім адмовілі, бо не адказваюць за гэтую працэдуру. Тады Кузнечыкі пераскочылі праз агароджу дыпламатычнага прадстаўніцтва і застаюцца на яго тэрыторыі з 11 верасня 2020 году — ужо больш за год.

Фота: svaboda.org