Еўракамісія пачала працэдуру супраць Польшчы з-за спрэчкі аб вяршэнстве права



Еўракамісія ініцыявала фармальную працэдуру ў дачыненні да Польшчы. Падставай стала рашэнне Канстытуцыйнага суда Польшчы аб неадпаведнасці дагавораў ЕЗ Канстытуцыі краіны і першынстве нацыянальнага права. У гэтым Брусэль бачыць прамое аспрэчванне прымату права Еўразвязу, піша reform.by.

«Камісія лічыць, што гэтыя пастановы Канстытуцыйнага суда парушаюць агульныя прынцыпы аўтаноміі, вяршэнства, эфектыўнасці і аднастайнага прымянення заканадаўства звязу, а таксама абавязковую сілу пастаноў Суда Еўрапейскага звязу», — гаворыцца ў паведамленні ЕК.

Яна таксама выказвае сумневы ў незалежнасці і бесстароннасці Канстытуцыйнага суда Польшчы.

Цяпер у Варшавы ёсць два месяцы, каб адказаць на прэтэнзіі Еўракамісіі. У далейшым ЕК можа абмежаваць доступ Польшчы да фінансавання з агульнаеўрапейскага бюджэту.