Пра новаўвядзенні Міністэрства аховы здароўя



Дык ёсць пандэмія ў Беларусі ці няма? Як той казаў, кручу-вярчу, заблытаць хачу. Напрыклад, у Беларусі для ўсіх, хто прыехаў з-за мяжы, адмянілі самаізаляцыю. То бок прыехаў хоць з Паўднёвай Афрыкі, дзе ўпершыню была дыягнаставаная мутацыя каронавірусу, а на самаізаляцыю ісці не трэба. Во якая прагрэсіўная ў нас краіна. Паўсюль наадварот тэрмін самаізаляцыі правялічваюць, а ў нас увогуле адмянілі. Больш за тое, нават калі вы з’яўляецеся кантактам першага ўзроўня, на бальнічны вас ніхто не адправіць. З’явілася адпаведнае пастанаўленне Савета Міністраў. Сапраўды, падумаеш усяго толькі кантактаваў з хворым на кавід. У Беларусі ўжо ўсё ок. Які амікрон. Якія хваляванні Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. У Беларусі ўсё спакойна, як у тым Багдадзе. І вось пасля адмены самаізаляцыі па вяртанні, пасля адмены выдачы бальнічных лісткоў для кантактаў першага і другога ўзроўню мы ўсе ўжо заспадзяваліся, што нарэшце і вызд з Беларусі дазволяць. Аднак не. У гэтым кірунку логіка зусім іншая. Чамусьці выезд з Беларусі дагэтуль забаронены.

Самаізаляцыю для тых, хто ўязджае ў Беларусь адмянілі, аднак уехаць і дагэтуль могуць далёка не ўсе. Нават калі пагадзяцца на самаізаляцыю, ПЦР-тэсты і вакцыны. Уехаць у Беларусь могуць толькі грамадзяне Беларусі і замежнікі, якія маюць дазвол на пастаяннае ці часовае пражыванне ў Беларусі. З падобонай логікай, як той казаў, без бутэлькі і не размярэшся. У Беларусі цяпер, калі ўладам трэба, то ў нас пандэміі ёсць, а калі не трэба, то раптам і каронавірус знікае.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ