Несвабодны Дзень Волі



У Менску прайшло мерапрыемства з нагоды Дня Волі – гадавіны абвяшчэння БНР. Арганізатары акцыі расчараваныя тым, што даючы дазвол на яе правядзенне Менскі гарвыканкам перанёс шэсце і мітынг на працоўны час з 15-й да 18-й гадзіны.

Дзень Волі адзначаецца беларусамі замежжа яшчэ з савецкіх часоў. Так званая „старая”, пасляваенная беларуская эміграцыя адзначала Дзень Волі як галоўнае, нацыянальнае свята. У гэтым я сам пераканаўся ў канцы 80-х у ЗША. У беларускіх святах амаль заўсёды удзельнічалі ўкраінцы, з якімі ў беларусаў заўсёды былі добрыя, братэрскія адносіны, чаго нельга сказаць пра расейскіх эмігрантаў, сярод якіх пераважалі габрэі, бо тыя адразу пасля прыезду браліся за бізнес. Цяперашнія беларусы ў замежжы свабодна і бесперашкодна адзначаюць Дзень Волі ў Вільні, Варшаве, Бруселі, Празе ды іншых гарадах дзе яны жывуць. У самой Беларусі, за выключэннем пачатку 90-х гадоў 25 сакавіка таксама адзначалася дастаткова свабодна і ўрачыста. Сітуацыя рэзка змянілася пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі, які змяніў нацыянальную сімволіку і Дзень Незалежнасці перанёс на 3 ліпеня. За апошнія 20 гадоў дэмакратычная апазіцыя кожны год сутыкалася з большымі ці меншымі перашкодамі з боку ўладаў. У некаторыя гады, за ўдзел у мерапрыемствах здараліся затрыманні, арышты і пакаранні. На любое святкаванне Дня Волі трэба атрымаць дазвол. Вось сёлета, у рэгіёнах, ніякія буйныя акцыі не дазволены.

У Менску арганізатары атрымалі з гарвыканкама дазвол на шэсце і мітынг у Парку Дружбы Народаў, аднак з 15-й да 18-й гадзіны, дэ-факта ў працоўны час. „Мы кваліфікуем дзеянні ўладаў як палітычную правакацыю, – заявіў лідар АГП Анатоль Лябедзька. — Шкада, што новапрызначаны кіраўнік Менску Шорац пачынае сваю дзейнасць такім чынам”. Вядома, тут ідзе пра тое, каб сарваць альбо маргіналізаваць мерапрыемства, каб прыйшло як мага меней людзей і ў вачох грамадства іх паказаць дармаедамі. І гэта пры тым, што такія арганізацыі як „Рух за Свабоду” даўжэйшы час заклікаюць улады зрабіць 25 сакавіка калі не дзяжаўным святам, дык прынамсі выходным днём. Ад арганізатараў мерапрыемства ўлады запатрабавалі 20 мільёнаў рублёў на аплату праваахоўнікаў, хуткай дапамогі і нават камунальных службаў за магчымае знішчэнне насаджэнняў.

Страхуючыся ад магчымых непрыемнасцяў арганізатары акцыі папрасілі, каб акрамя нацыянальных-беларускіх і ўкраінскіх сцягоў, удзельнікі не прыносілі правакацыйных, нацыяналістычных сімвалаў кшталту патрэтаў Бандэры ці плакатаў „Смерць маскоўскім акупантам”. „Мы не хочам падстаўляць людзей пад дубінкі”, – заявіла прадстаўніца аргкамітэта па стварэнні „Беларускай Хрысціянскай Партыі”, – Марына Хоміч.

На месцы арганізатараў святкавання Дня Волі я б гэтак упарта не чапляўся за той фармат паводле правілаў навязаных гарвыканкамам. Па шэрагу прычынаў імпэт вулічных акцый у Беларусі выдыхнуўся. Яны сталі нешматлюднымі і гэты факт маргінальнасці дыскрэдытуе арганізатараў у вачох абыякавай большасці. Вось у сядзібе Партыі БНФ у Менску адкрылася мастацкая выстава, прысвечаная Дню Волі арганізаваная беларускім мастаком, сябрам творчай суполкі „Пагоня” Міколам Купавам. На выставе два дзясяткі прац вядомых аўтараў – Аляксея Марачкіна, Міколы Рыжага, Міколы Купавы ды іншых. Сярод экспанатаў – партрэты заснавальнікаў і дзеячаў БНР, выявы слаўных ваяроў, паўстанцаў і асветнікаў. Ёсць таксама мемарыяльная дошка, прысвечаная абвяшчэнню БНР, якую выканаў скульптар Алесь Шатэрнік. Шыльда захоўваецца на сядзібе Партыі БНФ, паколькі ўсе намаганні грамадскасці ўсталяваць яе ў публічным месцы, засталіся марнымі.

25 сакавіка можна адзначыць па-рознаму, без шуму і трэску – камернымі канцэртамі, вечарынамі, дакладамі ці выставамі. У чаканні лепшых часоў і больш спрыяльных умоў не сорамна будзе абмежавацца імі замест дэманстраваць сваю нешматлікасць выходзячы на вуліцы і плошчы ў групе 200-300 чалавек.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ