Дырэктару Дома культуры, які бараніў дубы на Палессі, прысудзілі 15 сутак



Дырэктара сельскага Дома культуры Аляксандра Дземчука, які збіраў подпісы за захаванне дубоў у аграгарадку Ахова Пінскага раёна, арыштавалі на 15 сутак, паведамляе reform.by.

Фота «Медыя-Палессе»

Рашэнне прыняў суд Пінскага раёна. Аляксандра Дземчука абвінавацілі ў непадпарадкаванні патрабаванню службовай асобы па арт. 24.3 КААП.

«Па сведчаннях мясцовых жыхароў, загадчык клубам, страціўшы спадзевы на выратаванне дрэваў шляхам звароту ў органы ўлады і навуковыя ўстановы, узлез на адно з іх», — пісала «Медыя-Палессе».

Ноч ён правёў у Пінскім РАУС.

Нагадаем, мясцовыя жыхары спрабавалі абараніць ад высечкі 300-гадовыя дубы на могілках у Ахове. Аднак адзін стогадовы дуб камунальнікі ўжо спілавалі. Засталося два трохсотгадовыя дрэвы. Учора раніцай, 22 снежня, у аграгарадок зноў прыехала аўтавышка, каб завяршыць пачатае. Але некалькі пажылых мясцовых жыхароў сабраліся каля брамы могілак і сказалі, што не прапусцяць рабочых на тэрыторыю.