„Сустракалі людзей, якія не елі некалькі дзён, знясіленых, у мокрым адзенні”
Міграцыйны крызіс на польска-беларускай мяжы „перавярнуў да гары нагамі” нашае звычайнае жыццё, – кажа жыхарка зоны надзвычайнага становішча Людміла Жлобін. Да верасня гэтага году ў пушчу яна хадзіла з фотаапаратам, каб фатаграфаваць дзікую прыроду, вадзіла турыстаў па пушчы … Што змянілася ў Масеве з верасня? Ці не баялася дапамагаць тым, пра якіх гавораць «нелегальныя мігранты” ?
– Не, не мела з тым праблемаў. Бо сустрэла чалавека, каторы пасля цалаваў мне рукі і дзякаваў. І зараз кожны мой шпацыр у лес – гэта пляцак, напакаваны гарачай гарбатаю, энергетычнымі батончыкамі, шакаладам ды іншым.
РР: Ці сустракаліся вам калі-небудзь мігранты, настроеныя агрэсіўна?
Людміла Жлобін: Ні разу з такім не сустракалася. І ні ад кога не чула, што яны бачылі агрэсію ад гэтых людзей. Яны вельмі ўдзячныя, нават няёмка, калі даросля людзі цалуюць нам рукі за тое, што мы ім дапамагаем. Тое, што мы бачым па тэлебачанні, тое, пра што нам гавораць нашы прадстаўнікі ўлады, гэта групы маладых людзей, якіх арганізоўваюць у Беларусі. Між імі напэўна ёсць службы Беларусі. Уважліва глядзім гэтыя фільмы, на іх відаць, што некалькі чалавек кідаюць камяні, а астатнія дэзарыентаваныя, не ведаюць, што ім рабіць. З размоў з уцекачамі ведаем, што яны там вымушаныя браць гэтыя камяні і кідаць у нашых службоўцаў. У нас тут ніколі такога не здаралася, каб гэтыя мігранты на кагосьці напалі, каб нешта скралі.
РР: У якім стане вы знаходзіце гэтых людзей?
Людміла Жлобін: Гэтыя людзі часта еле жывыя. Сустракала людзей, якія не елі некалькі дзён. Людзі былі з атручваннямі, бо пілі брудную ваду. У мокрым адзенні, не маглі стаяць на нагах. Як нашыя службы іх знойдуць і зноў перакінуць праз мяжу, а некаторых перакідвалі так па некалькі разоў, то адкуль у іх тыя сілы будуць? Некаторыя нават елі ў кастрычніку лісце з дрэваў. Часта гэтым людзям была патрэбная спецыяльная медычная дапамога.
РР: Вы добра ведаеце пушчу. Ці сапраўды ахвяраў можа быць шмат?
Людміла Жлобін: Напэўна, мы пра ўсіх не ведаем. Белавежская пушча – вельмі складаная тэрыторыя, лес, багны. А людзі, калі туды трапяць, могуць і не выйсці. Калі яны не маюць тэлефонаў, то не могуць выклікаць дапамогу.
РР: Ці праўда, што ў мігрантаў адбіраюць тэлефоны беларускія ці польскія службы? Ці ведаеце вы пра такія прыклады?
Людміла Жлобін: Так, гэта праўда. Я бачыла тэлефоны, якія былі разбітыя. Таму людзі не мелі ніякай магчымасці выклікаць дапамогу.
РР: Вы дапамагаеце гэтым знямоглым, замерзлым людзям, і ізноў пакідаеце іх у лесе…
Людміла Жлобін: Так. Зараз маем добрыя спальныя мяшкі, грэлкі, але мы не можам забраць гэтых людзей. Бо гэта не дазваляе закон. Гэта самае горшае, што можа быць. Гэта трагедыя, мы маем згрызоты сумлення, бо можам толькі крышачку дапамагчы гэтым людзям.
Паводле дадзеных ААН, зараз вядома пра 21 чалавека, які ў 2021 годзе памёр на беларуска-польскай мяжы.
З Людмілай Жлобін Валя Лаеўская сустрэлася ў Нараўцы, па-за зонай надзвычайнага становішча.
Цалкам размова ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Foto: AFP