Міліцыянты зноў забралі беларускія кнігі ў Барыса Хамайды



У мінулую пятніцу найстарэйшаму віцебскаму апазіцыянеру давялося 3 гадзіны правесці ў пастарунку. Яго затрымалі каля так званага “сіняга дома” на вуліцы Леніна, дзе ён звычайна распаўсюджвае беларускія выданні.

Бпрыс Хамайда

Міліцыянты патлумачылі, што затрымліваюць “па падазрэнні ў несанкцыянаваным пікетаванні”, распавёў Барыс Хамайда:

-Калі мяне забіралі, я спытаў: “Пратакол складаць будзеце?” Міліцыянт сказаў: “Буду!” Але ў пастарунку пратакол не складалі, проста забралі 12 кніг, перапісалі іх, апячаталі… А гэта ж звычайныя беларускія кнігі, афіцыйна выдадзеныя. Там няма за што зачапіцца, звычайныя беларускія кнігі!

Месяц таму ў Барыса Хамайды ўжо забіралі кнігі, якія ён бясплатна прапаноўваў гараджанам. Тады было канфіскавана 13 кніг, і апазіцыянер ужо атрымаў паведамленне з міліцыі, што распачынаць супраць яго адміністрацыйную справу не будуць – няма падстаў. Але кнігі дагэтуль не вярнулі. Цяпер у аддзеле міліцыі Чыгуначнага раёну ўжо 25 ягоных кніжак, падлічыў Барыс Хамайда. Што да падазрэнняў у несанкцыянаваным пікетаванні, то яны таксама беспадстаўныя. На працягу апошняга году ў спадара Хамайды міліцыянты забралі ўсё, што толькі магло б быць атрыбутам пікета: бел-чырвона-белы парасон, стужкі, вышытую чыровным на белай палатніне малітву “Ойча наш”, паштоўкі… Засталася ў яго толькі стужка з беларускім арнаментам, але і тая выклікала падазрэнні ў міліцыянтаў.

Беларускае Радыё Рацыя