Беларусы Батумі падтрымалі беларускіх палітвязняў



Акцыя ў падтрымку беларускіх палітвязняў у грузінскім Батумі сабрала каля  40 удзельнікаў, якія выйшлі ў цэнтр аджарскай сталіцы.

Удзельнікі акцыі трымалі партрэты некаторых палітвязняў. Кажа Глеб:

Я раздрукаваў партрэты людзей, якія з’яўляюцца маімі сябрамі, якія цяпер за кратамі, якіх я ведаю асабіста шмат гадоў. На сёння гэта сем партрэтаў. Для мяне важна, каб іхныя твары былі тут, каб яны былі з намі. Важна, каб яны адчулі нашу падтрымку.

Па словах іншых удзельнікаў, для іх важна прадэманстраваць салідарнасць з палітвязнямі:

– Акцыі трэба праводзіць, каб людзі бачылі адзін аднаго, размаўлялі, каб падтрымлівалі адзін аднаго. Калі мы разам, мы заўсёды мацней.

– Я лічу, што кожная дробязь, якую мы робім і не забываем рабіць – гэта важна. Па кроплі збіраецца мора, хай яно збярэцца нарэшце ў адно вялізнае мора і прынясе нам свабоду.

Таксама падчас акцыі можна было напісаць паштоўку палітвязням, а таксама атрымаць невялічкі падарунак з Радзімы ад менскіх актывістаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара