Агляд прэсы: цана мяжы
У Польшчы маршрут праз Беларусь назвалі самай вялікай пагрозай для нелегальнай міграцыі. Кіраўнік Чачні Кадыраў запатрабаваў ад Турцыі вырашыць пытанне з паркам імя Дудаева. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
«З пачатку года польскія памежнікі зафіксавалі амаль 40 тысяч спробаў нелегальнага перасячэння польска-беларускай мяжы. Аднак яшчэ да пачатку міграцыйнага крызісу, выкліканага рэжымам Лукашэнкі, за апошнія гады было выдзелена некалькі асноўных наземных міграцыйных шляхоў», – паведамляе польскае выданне Polskie Radio.
«Так званы балтыйскі шлях вёў з Расеі ў Эстонію або Латвію, а адтуль у Беларусь або Літву, у Польшчу, а потым у іншыя заходнееўрапейскія краіны. Другі шлях вёў з Расеі ва Украіну і Беларусь, а потым у Польшчу, Германію і іншыя заходнія краіны. Так званы балканскі шлях вёў з Сірыі і Ірака ў Турцыю, потым у Грэцыю, Македонію, Сербію, Харватыю, Венгрыю, Аўстрыю, Славакію, Чэхію, Польшчу і далей у Германію.
Астатнія шляхі вялі з Украіны ў Польшчу, а адтуль у іншыя заходнееўрапейскія краіны; з В’етнама ва Украіну і далей у Румынію, Венгрыю ці Славакію і Польшчу; з Ірака альбо Расеі ў Беларусь, а адтуль у Польшчу і краіны Заходняй Еўропы», – піша выданне і падкрэслівае, што пералічаныя маршруты выкарыстоўваюцца злачыннымі групоўкамі ў рознай ступені, а некаторыя з іх носяць сезонны характар. «Зараз назіраецца рост нелегальнай міграцыі на граніцы з Літвой, што з’яўляецца вынікам павелічэння міграцыі з Беларусі ў Літву”.
Сусветныя СМІ працягваюць абмяркоўваць жорсткі тон Масквы ва ўкраінскім канфлікце. У той час як расейскія войскі працягваюць месціцца ўздоўж мяжы з Украінай, прэзідэнт Пуцін так і не адклікаў абвінавачванні ЗША ў «агрэсіўных» паводзінах і пагрозу прыняць «адэкватныя ваенна-тэхнічныя меры», калі такія паводзіны не спыняцца.
«Расея ажыццяўляе вялікадзяржаўную палітыку. Яна мае намер паказаць, хто тут вырашае. У такую палітыку ўваходзіць памкненне мець сферу ўплыву. На практыцы гэта азначае, што Расея хоча вызначаць знешнюю палітыку іншых краін, а таксама іх палітыку знешняй бяспекі прыкладна так, як гэта было ў савецкія часы. Расейскія гутаркі аб «агульных намаганнях і агульнай бяспецы» – гэта толькі манеўры для адводу вачэй. Мы павінны дакладна разумець, што маем справу з гульцом, якому больш падабаецца звяртацца да грубай сілы, чым займацца міжнародным супрацоўніцтвам», – папярэджвае шведскае выданне Svenska Dagbladet.
«Паміж Турцыяй і Чачнёй нарастае напружанасць вакол парку імя Джахара Дудаева, які мае плошчу 14 тысяч квадратных метраў і быў адкрыты муніцыпалітэтам Кёрфэза ў турэцкім Каджаэлі напачатку снежня. Пасля таго, як Расея падтрымала грозны заклік чачэнскага лідара Кадырава да прэзідэнта Эрдагана, з’явілася новая заява», – паведамляе турэцкая газета Cumhuriyet і прыводзіць пагрозу Рамзана Кадырава пра намеры ў адказ назваць парк у Грозным у гонар кіраўніка тэрарыстаў Абдулы Оджалана.
«Мы вельмі любім Турцыю, багатую гісторыю, мусульманскую спадчыну. Таму не хацелася б, каб нашы адносіны сапсаваліся з-за незразумелай сітуацыі», – цытуе словы чачэнскага лідара турэцкае выданне і аддае даніну памяці Джахару Дудаеву. «Дудаеў, які ваяваў супраць Расеі і быў першым прэзідэнтам Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя, зараз разглядаецца Чачнёй і Расеяй у якасці тэрарыста. Дудаеў быў забіты ў выніку спецаперацыі ў красавіку 1996 года недалёка ад чачэнскага сяла Гехі-Чу».
Са з’яўленнем цэлага шэрагу новых вакцын здавалася, што канец пандэміі блізкі. Праз год новыя штамы каронавірусу прывялі да рэкордных лічбаў новых выпадкаў заражэння, нават у краінах з высокай доляй вакцынаваных, а значыць працягвае панаваць нявызначанасць.
«Новая нармальнасць», якая ўключае ў сябе Covid-19, пазбавіла нас звыклай лёгкасці быцця», – са шкадаваннем адзначае грэцкая газета To Vima.
«У брытанцаў зараз з’явілася кароткае паняцце, якое з незвычайнай дакладнасцю апісвае наступныя змены: «new normal» («новая нармальнасць»). І ў гэтай нармальнасці ёсць вельмі зразумелае вызначэнне: няўпэўненасць. Бяспека, падобна, стала паняццем, якое сышло ў мінулае. Вынікам гэтага з’яўляецца тое, у чым большасць з нас не вырашаецца прызнацца нават самім сабе: асаблівае дэпрэсіўнае самаадчуванне, якое кожны перажывае на свой манер», – піша грэцкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка