Актуальны верш Юркі Карпача



Верш “Беларускія навіны” напісаў паэт Юрка Карпач з Гарадзеншчыны і даслаў яго ў рэдакцыю Радыё Рацыя. На нашым сайце не вельмі часта друкуюцца паэтычныя радкі, але гэты верш варты ўвагі. Таму мы вырашылі пазнаёміць чытачоў з “Беларускімі навінамі” Юркі Карпача.

Беларускія навіны

Не выйшаў праз месяц на волю,

Не паесць памідор са смятанай

Увязнены стравай такою

У краіне нікім не забранай.

Кубінец у Маскву (ці на Кубу?)

Праз 30 гадоў пражывання

Дэпартаваны на згубу,

На з сынам і жонкай растанне.

Тэатр, што Свабодным завецца,

Працавацьме свабодна ў Польшчы,

Беручы эмігрантаў за сэрца

І палякам маркоцячы вочы.

Нядаўна там з новым раманам

Усю Польшчу аб’ехаў Някляеў,

З разумным прасветленым тварам

Казаў пра лёс свой і Купалаў.

Дзікавіцкі палескае “Оньдэ”

Прэзентуе ў Польшчы суседняй.

Хадановіч з гітарай свабоднай

Там свабодна пяе свае песні.

У Вільні — “Вольнае слова”…

За кратамі тут — журналісты.

У навінах — варожасці мова,

І паўсюль — экстрэмісты…

Беларускае Радыё Рацыя