Беларуская Арт-рэзідэнцыя пакажа ў Варшаве містэрыю „Бег Зямлі”
Беларуская Арт-рэзідэнцыя „Дом Творцаў” у Варшаве рыхтуецца паказаць канцэрт-містэрыю «Бег зямлі». Усе месцы на прэм’еру былі зарэзерваваныя за некалькі гадзінаў. Распавядае адзін з арганізатараў Арт-рэзыдэнцыі Сяргей Доўгушаў.
– У нас ёсць ужо цяпер свой будынак, свой дом, мы супрацоўнічаем разам з беларускім хабам. Твор паўстаў, як вынік музычнай рэзідэнцыі. У снежні былі запрошаны беларусы, якія граюць на розных інструментах. Асноўны кампазітар – Вольга Падгайская і Віталь Эпаў, а таксама Аляксей Варсоба, ён праводзіў заняткі па імправізацыі і гэта таксама стала тым, што ўвайшло ў твор.
«Бег зямлі» будзе прадэманстраваны 29 снежня ў Беларускім моладзевым хабе, што на Пляцы Канстытуцыі 6 у Варшаве. Не выключаюцца паўторныя паказы. Будзе і анлайн-прэзентацыя. Наступная рэзідэнцыя ў „Доме Творцаў” напачатку будучага году стане тэатральнай. Да ўдзелу запрашаюцца беларускія драматургі, акторы, мастакі, пісьменнікі, кампазітары і музыкі. Далей плануюцца асобныя рэзідэнцыі для літаратараў і культурніцкіх менеджараў.
Беларускае Радыё Рацыя