Арцём Каралёк прызнаны лепшым гульцом года



Беларускі лінейны Арцём Каралёк прызнаны лепшым гульцом на постсавецкай прасторы ў 2021 годзе.

Пра гэта аб’явіў гандбольны партал „Хуткі цэнтр”.

У галасаванні ён атрымаў 91 ачко са 110 магчымых. 11 пунктаў саступіў яму Касаротаў. Побач апынуўся правы крайні „Берасця” і зборнай Беларусі Мікіта Вайлупаў.

Арцём Канцавы перайшоў у чэшскі „Банік”

Беларускі хаўбек „Руха” Арцём Канцавы перайшоў у чэшскі „Банік” з Астравы. Пра гэта паведамляе прэс-служба берасцейцаў.

Канцавы падпісаў кантракт з „Рухам” у студзені мінулага года і ўвогуле правёў 57 афіцыйных матчаў, забіў 12 галоў і аддаў 15 перадач за берасцейскі клуб. Таксама малады футбаліст быў прызнаны заўзятарамі найлепшым гульцом каманды ў мінулым сезоне.

Будучы футбалістам „Руху”, Арцём упершыню быў выкліканы ў нацыянальную зборную Беларусі і забіў свой дэбютны гол за галоўную каманду краіны. „Банік” пасля 19 тураў займае пятае месца ў мацнейшым дывізіёне чэмпіянату Чэхіі

«Ліверпуль» з мінімальным лікам саступіў «Лестэру» ў матчы 20-га тура АПЛ

На стадыёне „Кінг Паўэр – Уолкерс” у Лестэры у рамках 20-га тура англійскай Прэм’ер-лігі „Лестэр Сіці” прымаў „Ліверпуль”. Гаспадары святкавалі перамогу – 1:0. На 16-й хвіліне форвард чырвоных Махамед Салах меў магчымасць вывесці сваю каманду наперад з пенальці, але 11-метровы егіпцяніна парыраваў брамнік «Лестэра» Каспер Шмейхель. „Саўтгемптан” на хатняй арэне згуляў унічыю з „Тотэнхэмам” 1:1 – на гол Уорд-Праўза адказаў яшчэ ў першым тайме Хары Кейн.

Абаронца „Ліды” закінуў самую незвычайную шайбу года

Абаронца „Ліды” Дзяніс Малішэўскі закінуў пацешную шайбу ў матчы беларускай хакейнай экстралігі з „Брэстам”, які завяршыўся перамогай гасцей 1:3. У канцоўцы першага перыяду „зубры” абрэзаліся ў чужой зоне, „рыцары” маглі ўцякаць „два ў нуль”. Малішэўскі арганізаваў булітны выхад, але перш, чым ён кінуў, брамнік „Брэста” Іван Палякоў пасткай апракінуў брамку. Суддзі, параіўшыся, залічылі гол.

Матч ЗША – Швейцарыя адменены з-за каронавірусу. Амерыканцам залічана параза

Матч маладзёжнага чэмпіянату свету па хакею ў элітным дывізіёне паміж зборнымі ЗША і Швейцарыі адменены з-за каронавірусу.

Два гульцы амерыканскай каманды здалі станоўчыя тэсты на COVID-19 і былі адпраўлены на каранцін. У сувязі з гэтым зборная ЗША не зможа згуляць са Швейцарыяй на групавым этапе. Амерыканцам будзе залічана тэхнічная параза з лікам 0:1.

Пакуль невядома, ці зможа каманда ЗША згуляць супраць зборнай Швецыі ў наступнай сустрэчы.

На старце чэмпіната зборная ЗША абыграла славакаў з лікам 3:2, а швейцарцы саступілі расейцам 2:4.

„Енісей” разграміў магілёўскі „Барысфен”

У рамках Еўрапейскай паўночнай баскетбольнай лігі магілёўскі „Барысфен” у Краснаярску пацярпеў разгромную паразу ад „Енісея”. Лік сустрэчы 46:86. Гэта чацвёртая запар параза беларускага клуба ў рамках гэтага турніра.

Аўстрыйскія біятланісты выйгралі Калядную гонку

Аўстрыйскія біятланісты сталі пераможцамі традыцыйнай Каляднай гонкі, якая адбылася ў нямецкім Рупольдынгу.

Ліза Тэрэза Хаўзэр і Фелікс Ляйтнэр завяршылі мас-старт чацвёртымі, а затым у гонцы пераследу здолелі абысці ўсіх супернікаў і перамаглі. Расейцы Яўгенія Буртасава і Мацвей Елісееў фінішавалі другімі, замкнулі тройку прызёраў чэшскія спартоўцы Маркета Давідава і Міхал Крчмарж.

З 2002 года Калядная гонка праводзілася ў нямецкім Гёльзенкірхене на стадыёне футбольнага клуба „Шальке-04”. Аднак і ў мінулым годзе, і ў гэтым яна была перанесена ў Рупольдынг у сувязі з каранавіруснымі абмежаваннямі. З той жа прычыны і сёлета шоў прайшло без гледачоў.

Беларускае Радыё Рацыя