У Чэхіі ўзмацняюць каранцінныя меры



Урад Чэхіі аб’явіў пра ўзмацненне каранцінных мер. Яны набываюць моц сёння і будуць дзейнічаць да 2-га студзеня ўключна.

У Чэхіі працягвае дзейнічаць так званы „лакдаўн для не прышчэпленых”, гэта значыць усе масавыя мерапрыемствы будуць даступныя толькі прышчэпленым або тым, хто перахварэў на ковід. Арганізатары будуць абавязаны правяраць у наведвальнікаў наяўнасць сертыфіката пра вакцынацыю.

У рэстаранах за адным столікам змогуць сядзець максімум 4 асобы. Да ўчорашняга дня было дазволена 6. Час працы рэстаранаў абмежавана не будзе. Таксама ўводзіцца ліміт да 50 чалавек для карпаратываў і іншых прыватных вечарынак. На культурных, спартыўных, забаўляльных і іншых масавых мерапрыемствах павінны прысутнічаць не больш за тысячу чалавек, але толькі пры наяўнасці месцаў для сядзення. Калі ж яны не прадугледжаны, і наведвальнікі будуць бавіць час стоячы, то ліміт памяншаецца да 100.

Урад таксама адобрыў тэставанне дзяцей і школьнага персаналу на каронавірус у першыя два тыдні студзеня. Тэсты вучням і супрацоўнікам школ будуць рабіць двойчы на ​​тыдзень.