Журналіста Генадзя Мажэйку перавялі на „Валадарку”



Палітвязень, журналіст „Комсомольской правды” Генадзь Мажэйка пераведзены з Жодзінскай калоніі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Нагадаем, Генадзь Мажэйка, журналіст „Камсамольскай праўды” у Беларусі, быў затрыманы 30 верасня. Пад яго подпісам выйшаў матэрыял пра перастрэлку ў менскай кватэры з каментаром аднакласніцы загінулага Андрэя Зэльцэра, піша REFORM.by са спасылкай на сайт праваабаронцаў.

Пасля выхаду нататкі доступ да сайта Беларускай „Камсамолкі” kp.by быў абмежаваны. Як патлумачыў Мінінфарм, у артыкуле ўтрымліваліся «звесткі, якія спрыяюць фармаванню крыніц пагроз нацыянальнай бяспекі, якія заключаюцца ў штучным нагнятанні напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, паміж грамадствам і дзяржавай». Пасля гэтага „Камсамолка” закрыла сваё прадстаўніцтва ў Беларусі.

Мажэйку прад’явілі абвінавачванне па двух артыкулах — „Распальванне сацыяльнай варожасці” і „Абраза прадстаўніка ўлады”. Нядаўна Мінюст пазбавіў ліцэнзіі адваката Елізавету Матвееву, якая абараняла інтарэсы Мажэйкі.