Анатоль Каханчык: Я ўжо быў гатовы памерці, і цяпер гатовы!




Спадару Каханчыку належыць адбыць яшчэ 21 суткі арышту, прысуджанага яму нібыта за несанкцыянаванае пікетаванне – за тое, што пафарбаваў бацькоўскую хату ў вёсцы Алёшча Полацкага раёна ў колеры нацыянальнага сцяга: намаляваў на сценах дзве белыя і чырвоную палосы, а ў акне павесіў Пагоню.

За кратамі ён правёў толькі чацвёра сутак, абвясціўшы сухую галадоўку. У выніку ў яго істотна пагоршылася здароўе, з ізалятара часовага ўтрымання яго адпусцілі, накіраваўшы ў шпіталь. Цяпер Анатоль Каханчык на волі, але не выключае новага затрымання, і зноўку заяўляе пра сухую галадоўку ў гэтым выпадку:  

– Калі на мяне складуць яшчэ адзін пратакол па адміністрацыйным артыкуле 24.23, то потым будзе крымінальная справа. І я адразу сказаў: калі яшчэ раз мяне затрымаюць, то я зноўку распачну сухую галадоўку. Я ўжо быў гатовы памерці, і цяпер гатовы! У прынцыпе, цяпер мяне павінны зноўку арыштаваць, каб я адбыў 21 суткі арышту, якія “не дасядзеў”. Але зараз міліцыянты, на маю думку, самі чакаюць, каб усё гэта заціхла. Бо гісторыя  з маёй хатай, атрымалася,  па ўсім інтэрнэце… 

За расфарбоўку хаты ў нацыянальных колерах Анатоля Каханчыка каралі ўжо двойчы: у лютым асудзілі на 7 сутак, у снежні – ужо на 25. Міліцыя і мясцовыя ўлады патрабуюць, каб ён перафарбаваў хату, але гаспадар прынцыпова адмаўляецца гэта рабіць. Месяц таму невядомыя людзі ўночы прабраліся на ягоны ўчастак, зафарбавалі карычневым колерам чырвоную паласу на хаце ды запэцкалі карычневай фарбай акно, у якім вісела Пагоня.

Наступным разам Анатоль Каханчык збіраецца падаць заяву ў міліцыю і ў райвыканкам, каб знайсці тых, хто без ягонага дазволу псуе прыватную маёмасць.

Беларускае Радыё Рацыя