Спыніла выхад газета “Наша слова”



У сераду, 29 снежня, выйшаў апошні нумар газеты Таварыства беларускай мовы “Наша слова”. І віны чытачоў у гэтым няма. А віна ў тым, што нядаўна Вярхоўны суд ліквідаваў заснавальніка газеты – ТБМ. Па законе і выданне спыняе свой выхад.

У апошнім 52-м нумары рэдактар газеты з Ліды Станіслаў Суднік, які 24 гады рэдагаваў выданне, развітаўся з газетай і з чытачамі ў матэрыяле “Да пабачэння, сябры “Нашага слова”. Ён, у прыватнасці, адзначыў:

“Сёння, пасля 24 гадоў рэдагавання газеты “Наша слова”, я хачу выказаць шчырыю падзяку ўсім, хто быў з газетай усе гэтыя гады, усім, хто чытаў, усім, хто пісаў”. Рэдактар таксама падзякаваў сябрам рэдкалегіі:”Дзякую ўсім карэспандэнтам, наборшчыкам, карэктарам, бухгалтарам, экспедытарам, валанцёрам-распаўсюджвальнікам. Дзякую кіраўніцтву ТБМ усіх складаў, сябрам Рады, Сакратарыяту, кіраўнікам і сябрам рэгіянальных структур за арганізацыю падпіскі. Дзякую беларускім прафсаюзам за шматгадовую падтрымку. Дзякую ўсім дабрадзеям, якія падтрымлівалі газету фінансава.

Дзякую работнікам Лідскай друкарні, Белпошты і Белсаюздруку, дзе ў нас заўсёды былі сябры і амаль не было праблем. Дзякую Міністэрству ін-фармацыі, уладным і грамадскім структурам Лідскага раёна, дзе мы мелі надзейную апору. Дзякуй усім, жывым і мёртвым, каго не згадаў, пра каго забыўся за даўнасцю часу. Няхай Бог Усемагутны аддзячыць усім у Нябеснай Беларусі, калі для таго наступіць час”.

У другі раз прыпыняецца выхад папяровай версіі “Нашага слова”. Першы раз гэта адбылося ў 1997 годзе. Тады слаўны горад Ліда ўстаў на падмогу. Спадзяёмся, што і цяпер гэта яшчэ не канец, што выданне будзе адноўлена, але для гэтага патрэбны і пэўныя рэсурсы, і пэўны час, і падтрымка ў самых розных інстанцыях. А час такі, што спыняцца нельга, гэта нават – не 1990-я гады, гэта – 21-е стагоддзе.

Па словах Станіслава Судніка, з 5 студзеня 2022 года, пачне выходзіць электронная газета “Наша слова.pdf”. Гэта не электронная версія “Нашага слова”, гэта – новая газета. Па рэкамендацыі спецыялістаў, у электронным друку, газета мяняе фармат і будзе выходзіць у памеры А-4. Аб’ём пастараемся захаваць той жа, таму плануецца 16 старонак. Газета будзе размяшчацца на тых жа сайтах nslowa.by, pawet.net, kamunikat.org, belkiosk.by, асноўныя тэрыялы будуць у фэйсбуку https://www. facebook. com/nslowa.by.

Станіслаў Суднік просіць усіх карэспандэнтаў, як пісалі, так і пісаць па тых жа адрасах, на тую ж тэматыку. “Мы не можам дапусціць, каб пытанні беларускай мовы, беларускай культуры, нацыянальнай свядомасці ўзялі і вось так проста адышлі на задні план ці зусім у небыццё. Няхай маленькі агменьчык, але павінен цепліцца. Мы актывізавалі тэлеграм-канал “Наша слова”. Чытайце, падпісвайцеся, дасылайце на адрас “Нашага слова” кароткія, аператыўныя паведамленні для размяшчэння ў тэлеграм-канале”, — сказаў Станіслаў Суднік.

І яшчэ. У 2022 годзе беларускую грамадскасць чакае вялікая праца і першая вялікая кампанія – гэта чарговая Агульнанацыянальная дыктоўка.

“Не падаем духам, беларусы. Не спыняемся ні на хвіліну. Гэта нашая зямля, гэта нашая краіна, гэта нашая мова. Мы і толькі мы ў адказе за іхнюю будучыню”, — звярнуўся да беларусаў Станіслаў Суднік.

Беларускае Радыё Рацыя