Вадзім Мажэйка: Улады закукліваюцца ў сваёй меншасці



Якія асноўныя палітычныя вынікі 2021 года? Якімі словамі можна было б ахарактаразаваць тое, што адбываецца ў Беларусі? Хто і каго больш баіцца – людзі рэпрэсій ад уладаў ці наадварот – улада саміх людзей? Адказы на такія ды іншыя пытанні шукаў наш сённяшні Госць Рацыі аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследванняў (BISS) Вадзім Мажэйка ў размове з Алісай Поль:

– Як бы вы маглі ахарактызаваць год у палітычным плане, якім ён быў?

– 2021 год для беларусаў быў годам контррэвалюцыі, год, калі пратэстаў у гарадах і мястэчках мы не бачылі, але мы бачылі страх улады, што гэтыя пратэсты магчымыя. І таксама бачылі страх улады спыніць рэпрэсіі, замест гэтага ўлады толькі ўзмацніла рэпрэсіі, хоць і не бачыла такіх пратэстаў. Таму год стаў такім цяжкім, бо ад контррэвалюцыі пацярпелі і выпадковыя людзі, якія трапілі пад раздачу ні за што, і ранейшыя ўдзельнікі пратэстаў, і назіральнікі за выбарамі, і грамадзянская супольнасць фактычна цалкам, і незалежныя медыя. І хоць Лукашэнка казаў, што да чыстак у дзяржапараце пераходзіць не хоча, але сам факт сведчыць ад тым, што рэсурс рэпрэсій не скончаны і шлада працягвае гэтым займацца.

– Калі кажам пра страх, то ў каго па выніках года больш страху, у грамадства ці ва ўладаў?

– Як звычайна кажуць, што ў таталітарных рэжымах той страх, які ёсць у народа – акурат гэты страх ёсць у кіраўніка сістэмы. І ўсе рэпрэсіі – адлюстраванне страха. Рэпрэсіі працягваюцца таму, што страшна іх спыніць і тая псіхалагічная траўма, якую беларусы нанеслі Лукашэнку ў 2020 годзе, відавочна, што ён і блізка яе не прайшоў. І увесь 21 год, замест таго, каб быць звыклым папулістам, спрабаваць фармаваць больш шырокі электарат вакол сябе, замест гэтага мы бачым, як ўлады закукліваюцца ў сваёй меншасці, у меншасці сваіх прыхільнікаў і не спрабуюць гуляць на полі нейтралаў, тых, хто мог бы іх падтрымаць, але Лукашэнка нічога для гэтага не робіць. Стратэгічна гэта вядзе яго да сумных вынікаў.

– У палітычным плане 2021 год у Вас з якімі словамі асацыюецца?

– З аднаго боку гэта словы рэпрэсіі і палітвязні, бо шмат у гэтым накірунку было зроблена, а з іншага боку – гэта слова бульбачка. Бо мы ўсе грамадзянскія актывісты, як бульбачкі, нас закапалі, але мы прараслі.

– Ці стаў 21 год годам эміграцыі?

– Канешне, я б сказаў, што гэта год вымушанай эміграцыі, таму што шмат хто з медыйшчыкаў, з аналітыкаў, з грамадзянскіх актывістаў быў вымушаны выехаць не таму што хацеў, а проста разумеючы, што з кожным днём узрастае рызыка стаць наступным, хто будзе арыштаваны. І пад канец 21 года мы бачылі як людзі, той жа Павел Белавус, якія вельмі доўга заставаліся ў краіне, на жаль, таксама сталі трапляць за краты, і вось бачым, як Паўлу ўжо не толькі адміністрацыйны, але і крымінальны артыкул шыюць. На жаль, эміграцыя вымушаная і заўсёды такая эміграцыя – роспач, людзі пачынаюць шукаць, як ім жыць, будаваць свой побыт. Гэта ўсё вялікія выклікі, але час эміграцыі – магчымасць не быць скаваным страхам. Бо лепей, як казаў мой калега Шрайбман, пісаць аналітыку з кіева, чым з СІЗА КДБ. Але гэта і новыя магчымасці па будове кантактаў з калегамі з замежных структураў. Пакуль, мне здаецца, мы не напоўніцу гэтым скарысталіся, але ёсць яшчэ наступны год.

Цалкам размову слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Вадзім Мажэйка дадаў, што ўласна ён не чакаў бы сур’ёзных палітычных зменаў у Беларусі ў наступным годзе. Хучэй за ўсё рэпрэсіі будуць працягваць, а людзі з’язджаць за мяжу, калі нешта не зменіцца ў геапалітычным плане.

Беларускае Радыё Рацыя