Ягор Шаранговіч прынёс „Нью-Джэрсі” перамогу над „Бафала”



У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Нью-Джэрсі” на выездзе абыграў „Бафала” з лікам 4:3. Беларускі форвард гасцей Ягор Шаранговіч аддаў выніковую перадачу і закінуў пераможную шайбу. Увогуле беларус правёў на пляцоўцы 14 хвілін 16 секунд, нанёс пяць кідкоў, прайграў адзінае ўкідванне і зарабіў „+3”. На рахунку форварда зараз 12 (5+7) ачкоў у 28 матчах сезона НХЛ-2021/22.

Моладзевы чэмпіянат свету па хакеі адменены з-за каронавіруса

Міжнародная федэрацыя хакея (ІІХФ) прыняла рашэнне адмяніць моладзевы чэмпіянат свету, які стартаваў у Канадзе 26 снежня. Гэта звязана са станоўчымі вынікамі ПЦР-тэстаў у гульцоў некалькіх каманд. У прыватнасці, каронавірус быў знойдзены ў хакеістаў ЗША, Чэхіі і Расеі. Наступны маладзёжны чэмпіянат планеты пройдзе праз год у Расеі. Сярод 11 яго ўдзельнікаў будзе і беларуская „маладзёжка”, якая ў Даніі паспяхова правяла сусветнае першынство ў другім дывізіёне, дзе заняла першае месца.

Аляксей Бага стаў галоўным трэнерам футбалістаў „Сумгаіта”

Беларус Аляксей Бага стаў галоўным трэнерам футбалістаў „Сумгаіта”. Кантракт з 40-гадовым беларускім спецыялістам разлічаны на 2,5 гады. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце азербайджанскага клуба. Мінулы сезон Бага трэніраваў чэмпіёна Беларусі салігорскі „Шахцёр”. Футбалісты „Сумгаіта” пасля 14 тураў чэмпіянату Азербайджана займаюць перадапошняе, 7-е месца, набраўшы 12 ачкоў.

БДУ адмовіўся ад удзелу ў першай лізе

БДУ адмовіўся ад удзелу ў першай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе. У мінулым сезоне клуб заняў 5-е месца ў другой лізе. Гэта давала яму права прэтэндаваць на павышэнне ў Д2. Аднак клуб прыняў рашэнне застацца ў другой лізе ў сезоне-2022. Галоўнай прычынай для адмовы ў павышэнні з’яўляецца не адпаведнасць БДУ патрабаванням для праходжання працэдуры ліцэнзавання.

Беларускае Радыё Рацыя