Агляд прэсы: шчаслівага 2022?!



Падрабязнасці свежых матэрыялаў пераднавагодняй замежнай прэсы.

Амерыканская газета The Titusville Herald, нароўні з сусветнай прэсай, абмяркоўвае рашэнне Пуціна пра тое, што Расея і Беларусь правядуць сумесныя ваенныя вучэнні ў пачатку наступнага года.

«Пуцін сустрэўся і прывітаў прапанову Лукашэнкі правесці чарговы раўнд ваенных вучэнняў, заявіўшы, што яны могуць адбыцца ў лютым ці сакавіку. Выступаючы падчас сустрэчы з Лукашэнкам у Санкт-Пецярбургу, ён дадаў, што дэталі ўзгадняць вайскоўцы», – піша выданне і падкрэслівае, што заява Пуціна прагучала на фоне назапашвання расейскіх войскаў каля Украіны, што выклікала страхі Захаду перад уварваннем. Некаторыя афіцыйныя асобы ва Украіне выказалі занепакоенасць тым, што Расея можа напасці на краіну з беларускай тэрыторыі.

«Расея адмаўляе, што мае планы напасці на свайго суседа, але заклікала ЗША і іх саюзнікаў даць гарантыі таго, што НАТА не пашырыцца на Украіну і не разгорне там сваю зброю, такія патрабаванні Захад адхіліў», – выкрывае палітычны шантаж амерыканскае выданне.

«Надыходны год можа апынуцца выбуханебяспечным», – асцерагаецца грэцкая газета Naftemporiki.

«Глабальная сітуацыя не мае нічога агульнага з аптымізмам наконт мірнага суіснавання, які нібыта павінны былі прынесці падзенне Берлінскай сцяны і канец ідэалагічнай канфрантацыі паміж капіталізмам і камунізмам. Нягледзячы на трыўмф рынкавай эканомікі, напружанасць нарастае, і сітуацыя чымсьці нагадвае суперніцтва вялікіх дзяржаў, якое ў 1914 годзе прывяло да сусветнай крывавай бойні. Новы год пачынаецца са мноства праблем: ад барацьбы з пандэміяй, вырашэння пытанняў змены клімату, якое расце аж да напружанасці паміж вялікімі дзяржавамі», – папярэджвае грэцкае выданне.

Калумніст італьянскай газеты La Stampa Асія Нойман прыводзіць аргумент на карысць тэсту на каронавірус напярэдадні святаў.

«Навошта зараз рабіць тэст, калі мы ўжо і так жывём з рызыкай заражэння? Можа быць, таму, што Каляды і Новы Год мы, як правіла, праводзім з важнымі для нас людзьмі, якіх мы хацелі б абараніць, а не з незнаёмцамі, якіх трэба было б пазбягаць? У каронавірусе мяне заўсёды вельмі палохала пачуццё віны. Так, вядома, гэта праява ірацыянальнага мыслення, але калі, нягледзячы на прышчэпкі, маску FFP2, якую я ніколі не здыму, рукі абпаленыя антысептыкам, меры засцярогі і іпахондрыі, я захварэю і заражу сваю сям’ю, то я ніколі не змагу сабе гэтага дараваць!», – заклікае прышчапіцца італьянскае выданне.

Чэшская газета Landesecho падсумоўваючы свае матэрыялы за год, дае сатырычны прагноз на наступны год.

«Канцэрн Biontech / Pfizer пяройдзе на вытворчасць шыпучых вітамінаў. Ангела Мэркель абвесціць аб сваім вяртанні на пасаду кіраўніка ХДС – наўпрост на нудысцкім пляжы ў Штральзундзе. СвДП і Зялёныя сфармуюць кааліцыю з Меркель і загадаюць усяму ЕЗ да 2030 года перасесці з аўтамабіляў на конныя дрыжкі. Канцэрн VW Group заявіць, што ажыццявіць дадзены пераход без якіх бы там ні было праблем. У адказ ім брытанскія навукоўцы заявяць, што для навакольнага асяроддзя конскія яблыкі ўяўляюць большую шкоду, чым калі б усё чалавецтва перасела на які-небудзь Трабант. Уладзімір Пуцін урачыста верне Крым Украіне і выплаціць Кіеву кампенсацыю ў памеры 500 мільярдаў даляраў, што паменшыць яго асабісты капітал усяго толькі прыкладна на адну дзясятую частку», – з іроніяй выпраўляе стары год чэшскае выданне.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка