„Нёман” пацярпеў паразу ад „Дынама-Маладзечна”




„Нёман” саступіў „Дынама-Маладзечна” ў хатнім матчы чэмпіянату Беларусі ў экстралізе з лікам 2:3. На шайбы Антона Махарова, Аляксандра Каракулькі і Эдуарда Грыня гарадзенцы адказалі толькі дакладнымі кідкамі Мікіты Крыскіна і Аляксандра Маляўкі.

Віталь Жукоўскі пакінуў пасаду галоўнага трэнера БАТЭ

Беларускі спецыяліст Віталь Жукоўскі пакінуў пасаду галоўнага трэнера БАТЭ. Тэрмін кантракту настаўніка з клубам скончыўся. З камандай развіталіся таксама трэнеры Павел Плют, Андрэй Місюк, Аляксандр Краўчанка і галоўны лекар Павел Ганчарэнка, паведамляе прэс-служба БАТЭ. Пад кіраўніцтвам Віталя Жукоўскага барысаўчане заваявалі срэбра чэмпіянату Беларусі-2021.

Аляксей Бага ўзначаліў „Сумгаіт”

Беларускі трэнер Аляксей Бага ўзначаліў азербайджанскі „Сумгаіт”.
З 40-гадовым настаўнікам заключаны кантракт на 2,5 гады. Раней Бага трэніраваў беларускія БАТЭ і салігорскі „Шахцёр”, літоўскі „Жальгірыс” і казахстанскі „Актобе”. Спецыяліст станавіўся чэмпіёнам Беларусі з БАТЭ у 2018 годзе і сёлета з „Шахцёрам”, а таксама выйграваў чэмпіянат Літвы з „Жальгірысам” у мінулым годзе. „Сумгаіт” па сканчэнні чатырнаццаці тураў азербайджанскага першынства з дванаццаццю ачкамі займае перадапошняе, сёмае, месца.

Аляксандр Чэрнік прызначаны галоўным трэнерам зборнай Беларусі

 44-гадовы беларускі спецыяліст Аляксандр Чэрнік узначаліў зборную Беларусі па міні-футболе. Спецыяліст змяніў на гэтай пасадзе Аляксандра Савінцава. Пра гэта інфармуе суполка „FutsalBelarus” ва „Укантакце”. Галоўны трэнер зборнай Беларусі Аляксандр Савінцаў падаў заяву аб адстаўцы, матываваўшы свой крок немагчымасцю сумяшчэння пастоў у клубе (а дакладна латвійскім „Пятрове”) і нацыянальнай камандзе.

Гол і перадача Раналду дапамаглі «Манчэстэр Юнайтэд» абыграць «Бёрнлі»

У Манчэстэры на стадыёне „Олд Трафард” прайшоў матч 20-га тура чэмпіянату Англіі, у якім „Манчэстэр Юнайтэд” прымаў „Бёрнлі”. Сустрэча завяршылася ўпэўненай перамогай падначаленых Ральфа Рангніка з лікам 3:1. Лік у матчы быў адкрыты ўжо на 8-й хвіліне сустрэчы – з перадачы Крышціяну Раналду вызначыцца ўдалося хаўбеку Скоту Мактомінею. Праз 19 хвілін у сваю браму мяч адправіў абаронца «Бёрнлі» Бэн Мі, падвоіўшы перавагу гаспадароў у ліку. На 35-й хвіліне Раналду давёў лік да буйнога, а праз тры хвіліны 34-гадовы брытанскі вінгер «Бёрнлі» Аарон Ленан здолеў распячатаць браму Давіда дэ Хеа, тым самым усталяваўшы канчатковы лік на табло – 3:1.

Беларускае Радыё Рацыя