Палітзняволеная Таццяна Батура не выйшла на волю пасля 45 сутак арышту
Таццяну Батуру, затрыманую пры спробе трапіць на суд Вольгі Залатар, не выпусцілі пасля 45 сутак арышту.
Дзяўчыну затрымалі 15 лістапада і ўжо тройчы асуджалі на 15 сутак. Учора, 30 снежня, блізкія чакалі яе дзве гадзіны, але так і не дачакаліся. Маці Таццяны пасля неаднаразовых зваротаў супрацоўнікі Акрэсціна заявілі, быццам яе вызвалілі.
Апошнім часам такое “вызваленне” азначае, што на выхадзе яе перахапілі супрацоўнікі Фрунзенскага РУУСа і адвезлі на “прафілактычную гутарку”. У Фрунзенскім РУУСе блізкім сказалі, што на Таццяну склалі чацвёрты пратакол, але паводле якога артыкула — невядома. Мяркуеца, што сёння, 31 снежня, яе будуць судзіць.
Дарэчы, на першым судзе Батура заявіла, што ў Фрунзенскім РУУС яе ўдарылі галавой аб шафу, у лякарні ёй дыягнаставалі ўдар галавы. Каля месяца дзяўчыну трымалі ў карцары, таму яна пяць дзён трымала галадоўку.
Напярэдадні Таццяну прызналі палітзняволенай.
Беларускае Радыё Рацыя