Дзмітрый Балкунец: Лукашэнка будзе выкручвацца да апошняга



У Новы Год Беларусь увайшла пад дэвізам „Расея і Беларусь зрабілі значны крок наперад у развіцці Саюзнай дзяржавы”. Такую заяву Пуцін зрабіў падчас перамоваў з Лукашэнкам у Санкт-Пецярбургу.  У сваю чаргу Лукашэнка папрасіў Пуціна не спыняць сумесныя ваенныя вучэнні і ўзамен папрасіў фінансавай падтрымкі, якую эксперты ацэньваюць у 7 мільярдаў даляраў. Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з „Госцем Рацыі” – экспертам беларуска-расйскіх адносінаў, палітолагам Дзмітрыем Балкунцом пра тое, хто стане прэзідэнтам пасля Лукашэнкі, ці застанецца Беларусь незалежнай, навошта будуць праводзіцца сумесныя ваенныя вучэнні падчас рэферэндуму і колькі пратрымаецца „лукашэнкаўская” канстытуцыя ў дзеянні.

„Госць Рацыі” эксперт беларуска-расейскіх адносінаў, палітолаг Дзмітрый Балкунец:

Традыцыйная сустрэча была звязана, па-першае, з самітам СНГ, куды прыбылі практычна ўсе кіраўнікі, за выключэннем Малдовы, кіраўнікі краін Садружнасці незалежных дзяржаў, а Лукашэнка вырашыў затрымацца на адзін дзень. Праўдападобна даваў справаздачу пра зробленую працу, у прыватнасці па пытанню транзіту ўлады. Я мяркую, што гэта звязана з тым, што набліжаецца да развязкі гісторыя з завяршэннем кіраўніцтва Лукашэнкі ў Беларусі. Бачна, што ён неахвотна рыхтуе рэферэндум па змене Канстытуцыі. Бачна, што гэта не яго ініцыятыва, а Масквы. Відавочна, што Лукашэнка прыдумаў сабе ўсебеларускі Народны сход, які з’яўляецца для яго нейкім кампрамісным трамплінам да таго, як канстытуцыйным чынам сыйсці на пенсію, ганаровую прычым, ганаровую ссылку. Пры гэтым пакінуўшы пасаду, як ён называе прэзідэнта Беларусі, пасля гэтага прэзідэнцкія выбары. Пры гэтым для мяне абсалютна відавочна, што Лукашэнка будзе выкручвацца да апошняга, будзе прыдумваць розныя гісторыі, заварушкі прыдумваць, вайну якую-небудзь можа развязаць, калі спатрэбіцца. То бок ён сыходзіць добраахвотна нікуды не будзе. Пазіцыя Масквы ў гэтым пытанні, на мой погляд і па назіраннях абсалютна відавочная, ніякіх грошаў Лукашэнка атрымліваць не будзе да моманту правядзення палітычнага транзіту. Яму дарэчы пра гэта было дастаткова ў карэктнай форме сказана, што ў Беларусі прафіцыт у фінансах, эканоміка цудоўна сябе адчувае, адпаведна такі намёк, што і грошы больш не патрэбныя.

РР: Калі мы кажам, што транзіт магчымы, то ці можам мы назваць пераемніка?

– А гэта ўжо не будзе мець ніякага значэння. Можа быць гэты пераемнік будзе ў нейкім сэнсе слабым і можа быць будзе чалавекам на якога ўкажа пальцам Лукашэнка. Але абойма ў яго кароткая, каго там пасадзіць у крэсла, умоўна: Качанава, Макей, Галоўчанка. Хтосьці з гэтых людзей і ён разлічвае, што такім чынам будзе кіраваць. Я згодны з шэрагам экспертаў, якія ўжо агучваюць гэтую пазіцыю, што размаўляць будуць з выбраным прэзідэнтам, а не з кіраўніком Народнага сходу і прыклад гэтаму Назарбаеў.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя