Расея нанесла авіяўдар па сірыйскай правінцыі Ідліб



Расейскія самалёты нанеслі авіяўдар па аб’ектах у сірыйскай правінцыі Ідліб, падкантрольнай апазіцыі. Пра гэта 2 студзеня паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на відавочцаў.

Лагер бежанцаў у сірыйскай правінцыі Ідліб

Па дадзеных інфармагенцтва, ваенныя самалёты скінулі бомбы на некалькі гарадоў і воданапорную вежу, якая забяспечвае вадой горад Ідлі. Пакуль ні расейскія, ні сірыйскія вайскоўцы не пракаментавалі паведамленні аб авіяўдары. Інфармацыі аб пацярпелых няма.

У выніку бамбардзіровак было перапынена водазабеспячэнне Ідліба, паведамілі прадстаўнікі гарадской адміністрацыі. Па словах відавочцаў, таксама пацярпелі жывёлагадоўчыя і птушкагадоўчыя фермы недалёка ад памежнага пераходу Баб-аль-Хава на мяжы з Турцыяй.

Высокапастаўлены прадстаўнік ААН, які пацвердзіў, што водная станцыя была „моцна пашкоджана” ў выніку авіяўдару, сказаў, што такія атакі пагоршылі гуманітарнае становішча мільёнаў перамешчаных сірыйцаў.

Паводле звестак ААН, у выніку грамадзянскай вайны ў Сірыі, якая пачалася ў 2011 годзе, загінулі не менш як 350 тысяч чалавек. Расея пазбягае прымаць сірыйскіх бежанцаў, перадае Deutsche Welle. У 2020 годзе такі статус у Расеі быў прысвоены толькі двум сірыйцам, яшчэ каля 400 грамадзян Сірыі мелі часовы ваенны прытулак. У той жа час Германія прыняла больш за 800 тысяч сірыйскіх бежанцаў.

Беларускае Радыё Рацыя