Палітвязні Глеб Раманаў і Зміцер Тур адзначаюць дні народзінаў
У часе зімовых святаў не забываць і віншаваць з днём народзінаў берасцейскіх палітвязняў заклікаюць прадстаўнікі берасцейскай праваабарончай супольнасці. На пачатку студзеня нарадзіліся жыхары Берасцейшчыны Глеб Раманаў і Зміцер Тур.
Палітвязень Глеб Раманаў адзначае свой Дзень народзінаў сёння, 4 студзеня. Асуджаны за берасцейскія акцыі пратэстаў да 3 гадоў і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Быў затрыманы на пачатку чэрвеня мінулага года пры спробе перасекчы беларуска-літоўскую мяжу для таго, каб трапіць у Еўразвяз. Актывіст знаходзіцца ў СІЗА №7 у Берасці.
Палітвязень Зміцер Тур адзначае за кратамі дзень народзінаў 10 студзеня. Асуджаны за тую ж акцыю пратэсту пасля выбараў у абласным цэнтры. Прысуджана тры з паловай гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ліставаць можна ў папраўчую калонію №22 у горадзе Івацэвічы Берасцейскай вобласці.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя